У Польшчы прынялі важны закон: што зменіцца для беларусаў
- 24.04.2025, 17:33
Уводзяцца абмежаванні для замежных студэнтаў.
23 красавіка Сенат Польшчы прыняў новы закон «Аб змене некаторых законаў з мэтай ліквідацыі парушэнняў у візавай сістэме Рэспублікі Польшча», які ўводзіць новыя абмежаванні для замежных студэнтаў. «Белсат» і юрыстка ў іміграцыйным праве Дар'я Грышановіч расказваюць, што зменіцца для беларусаў у Польшчы з яго ўвядзеннем.
Увялі абмежаванне на колькасць замежнікаў у ВНУ
Колькасць замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ цягам навучальнага года, не зможа перавышаць 50% ад агульнай колькасці студэнтаў гэтай ВНУ. Калі ў ёй ужо больш за 50% замежных студэнтаў, ВНУ не можа прымаць новых чужакоў, пакуль адсотак студэнтаў з-за мяжы не стане меншым за 50%.
Немагчыма будзе атрымаць працоўны ДНЖ падчас вучобы
Са спісу замежнікаў, якія маюць права на ДНЖ па працы, выключылі:
уладальнікаў студэнцкіх віз;
уладальнікаў віз, выдадзеных іншымі краінамі Шэнгенскага пагаднення;
замежнікаў з ДНЖ іншых краін Шэнгенскага пагаднення.
Гэта азначае, што абмінуць этап атрымання студэнцкага ДНЖ зараз не атрымаецца ў большасці студэнтаў. Праблема ў тым, што студэнцкі ДНЖ (першы) выдаецца на тэрмін да 15 месяцаў, а для далейшага атрымання ПМЖ залічваецца толькі палова гэтага тэрміну. Раней гэтае правіла асноўная частка студэнтаў абыходзіла: студэнт падчас вучобы ўладкоўваўся на працу, а потым атрымліваў працоўны ДНЖ, увесь перыяд дзеяння якога ўлічвалася пасля пры атрыманні ПМЖ.
Паводле новага закону ўладальнікі студэнцкіх віз усё яшчэ могуць разлічваць на падачу заявы на Блакітную карту ЕС (Blue card). Але складана ўявіць студэнта, які будзе адпавядаць усім крытэрам для атрымання Blue card (кантракт на працу мінімум на год і заробак, не меншы за 12 300 злотых на месяц).
Паліцэальная школа не пацвердзіць веданне польскай мовы, а запатрабуе яе для паступлення
Дагэтуль адным з папулярных спосабаў пацвярджэнне ведання польскай мовы пры падачы на грамадзянства і на карту рэзідэнта ЕЗ было заканчэнне паліцэальнай школы (сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, аналаг каледжа або тэхнікума). Але новы закон гэтае права касуе: пасведчанне аб заканчэнні паліцэальнай школы больш не будзе пацвярджаць веданне польскай мовы на ўзроўні В2 пры падачы на грамадзянства Польшчы і карту рэзідэнта ЕЗ, як гэта было раней. Цяпер пацвердзіць веданне мовы давядзецца спецыяльным дзяржіспытам альбо скончыць польскую ВНУ або школу.
Выключэнне прадугледжана толькі для тых, хто скончыць паліцэальную школу да 30 чэрвеня 2025 года, і падасць заяву на грамадзянства да 30 чэрвеня 2026 года.
Акрамя таго, з 1 верасня 2025 года для паступлення ў паліцэальную школу ў замежніка запатрабуюць веданне мовы на ўзроўні не ніжэй В1. Раней такога правіла не было.
Зрэшты, адна перавага паліцэальнай школы застаецца без змен: яе заканчэнне дае свабодны доступ да рынку працы - выпускніку не трэба будзе атрымліваць асобнае дазволу на працу ў Польшчы.
Цяпер спікер Сейма перадасць гэты закон на подпіс прэзідэнту. Калі той яго падпіша да 16 траўня, то змены набудуць моц з 1 чэрвеня. Калі падпіша пазней, то не раней за 1 ліпеня.
Нагадаем, раней «Белсат» цікавіўся ў Консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы, ці шмат было выпадкаў, калі замежнікі пасля заканчэння паліцэальнай школы не ведалі польскай мовы на ўзроўні B1.
«Гэтая змена з'яўляецца вынікам каментароў, прадстаўленых у рамках міжміністэрскіх пагадненняў па запыце міністра адукацыі, які ўказаў, што паліцэальная школа - гэта сярэдняя школа, у якой толькі праводзяцца заняткі ў сферы прафесійнай адукацыі, але агульнай адукацыі, у тым ліку вывучэння польскай мовы, не прадугледжана. Прымаючы да ўвагі, што замежнікі (з сярэдняй адукацыяй), якія не валодаюць польскай мовай, могуць быць прыняты ў паліцэальную школу і што навучанне ў школе такога тыпу доўжыцца ад 1 года да 2,5 гадоў у залежнасці ад прафесіі, гэтага недастаткова для таго, каб пасведчанне аб заканчэнні паліцэальнай школы пацвярджала веданне польскай мовы».