BE RU EN

Абаронная праграма ЕЗ уключае інструмент падтрымкі Украіны

  • 24.04.2025, 21:47

Падтрымка Кіева будзе павялічаная.

Два камітэты Еўрапарламента – у пытаннях прамысловасці, даследаванняў і энэргетыкі, а таксама ў пытаннях бяспекі і абароны – вызначылі сваю заканадаўчую пазіцыю ў Еўрапейскай праграме абароннай прамысловасці (EDIP). Пра гэта ў чацвер, 24 красавіка, паведаміла прэс-служба ЕП. Прадугледжваецца, што новая праграма будзе накіраваная перш за ўсё на паляпшэнне паставак зброі, павелічэнне вытворчых магутнасцяў і скарачэнне тэрмінаў вытворчасці прадукцыі абароннай прамысловасці ЕЗ.

У Брусэлі таксама чакаюць, што з дапамогай EDIP атрымаецца рэалізаваць на рынку ўзбраенняў прынцып «купляй еўрапейскае» – паколькі праграма будзе фінансаваць толькі тую прадукцыю, якая на 70% складаецца з кампанентаў, што вырабляюцца ў ЕЗ і асацыяваных краінах. А калі фонды ў рамках гэтай праграмы захочуць атрымліваць агульныя еўрапейскія абаронныя праекты, то для гэтага ў іх склад павінны ўваходзіць па меншай меры шэсць дзяржаваў – чальцоў ЕЗ або чатыры краіны, якія непасрэдна сутыкаюцца з высокай рызыкай ваенных пагрозаў. Еўрадэпутаты выступаюць за тое, каб у такіх праектах магла браць удзел і Украіна, паведамляе DW.

Ваенная падтрымка Кіева

У рамках рэгламенту EDIP дэпутаты Еўрапарламента ўхвалілі інструмент падтрымкі Украіны, які будзе спрыяць мадэрнізацыі абароннай прамысловасці краіны. На думку еўрадэпутатаў, гэтая фінансавая падтрымка ЕЗ будзе спрыяць прамым інвестыцыям у абаронную прамысловасць Украіны, а таксама павялічыць аб'ёмы набыцця Еўразвязам зброі, якая вырабляецца ва Украіне і прызначаная сярод іншага і для яе самой.

Паводле словаў дакладніка камітэта ў бяспецы і абароне, французскага еўрадэпутата ад групы сацыялістаў Рафаэля Глюксмана, Еўрапарламент «за рэкордна кароткі час сфармаваў шырокую большасць у падтрымку ўмацавання абаронна-прамысловай базы Еўропы». «Сутыкнуўшыся з пагрозамі з боку Расеі, мы павінны дзейнічаць з адзінствам, амбіцыямі і настойлівасцю. Інвеставаць разам, разам развіваць важныя ваенныя магчымасці і ўзгадняць нашы намаганні ў затратах на ўзроўні ЕЗ – гэта адзіны шлях наперад. Час пакласці канец нашай залежнасці ад знешніх гульцоў», – заявіў Глюксман.

Афіцыйная прапанова пра стварэнне і рэгламент Еўрапейскай праграмы абароннай прамысловасці Еўракамісія зрабіла ў сакавіку летась, заклаўшы ў бюджэт праграмы 1,5 млрд еўраў. Гэты дакумент прапісвае механізм рэалізацыі Супольнай абароннай стратэгіі ЕЗ і з'яўляецца заканадаўчай ініцыятывай, таму павінен быць узгоднены Еўрапарламентам і Еўрапейскай радай.

Апошнія навіны