«Прадавец і кантралёр-касір адмовіліся прыступаць да выканання абавязкаў»
- 25.04.2025, 8:46
Што гавораць пра страйк у Слуцку.
Раніцай 24 красавіка з'явілася інфармацыя, што адна з крам сеткі “Суседзі” ў Слуцку не адкрылася своечасова. "Мінская праўда" паспрабавала высветліць, што адбылося.
Журналіст “Мінскай праўды” ў той жа дзень схадзіў у краму і ўпэўніўся, што крама працуе. Аднак на зварот да загадчыка крамы пракаментаваць было адмоўлена. Карэспандэнт звярнуўся па каментарыі ў галаўны офіс сеткі.
“Філіял на адрасе: Слуцк, вул. Барысаўца, 28, 24 красавіка пачаў сваю працу а 6.59, што пацвярджаецца, у тым ліку, камерай відэаназірання каля ўваходных дзвярэй аб'екта”, - распавёў прадстаўнік сеткі.
Як растлумачылі ў гандлёвай арганізацыі, прадавец і кантралёр-касір адмовіліся прыступаць у пачатку працоўнай змены да выканання працоўных абавязкаў: яны павінны былі выкладваць тавар і разлічваць пакупнікоў.
Па гэтым факце вядзецца разбор, устанаўліваюцца абставіны, праводзіцца ўнутраная праверка.
Нагадаем, раніцай 24 красавіка крама “Суседзі”, размешчанай на вуліцы Барысаўца ў Слуцку, адкрылася на гадзіну пазней. Як расказала мясцовае выданне SlutskGorod, так работнікі гандлёвага аб'екта выказалі сваю нязгоду з нізкімі заробкамі.
Як піша партал, пасля павелічэння рэжыму працы крамы да 2.00 задач у персаналу "стала нашмат больш, супрацоўнікі не раз звярталіся да кіраўніцтва з просьбай падняць заробкі". Аднак іх просьбы не пачулі, таму яны вырашылі "дастукацца да адміністрацыі сеткі" іншым спосабам.
Блізу дзесяці чалавек, якія павінны былі 24 красавіка выйсці на змену, узгоднена не адчынілі дзверы крамы. Прыкладна праз гадзіну дзверы “Суседзяў” для пакупнікоў усё ж адчынілі.