Валерый Карбалевіч: Лукашэнка стаў ахвярай уласнай прапаганды
- 26.04.2025, 18:20
Дыктатар робіць адну памылку за другой.
На сёння нічога невядома пра практычную рэалізацыю ідэі завезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў. Цалкам магчыма, што гэты праект не скончыцца нічым. Аднак сама тэма выклікала вялікі запал і абмеркаванні ў сацыяльных сетках, медыях. Улады былі вымушаныя рэагаваць у сваім звычайным стылі.
Ад самага пачатку было зразумела, што сама ідэя прывезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў замест выгнаных з краіны сотняў тысяч беларусаў не выкліча вялікага энтузіязму ў грамадстве. Аднак негатыў, які выплюхнуўся ў сацыяльныя сеткі, стаў нечаканым для ўладаў, піша ў артыкуле для «Радыё Свабода» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Аналітык адзначае, што беларускія ўлады сталі ахвярай уласнай прапаганды. Шмат гадоў прапагандысты распавядалі, як пакутуе Еўропа ад мігрантаў, якія ствараюць кашмар для тамтэйшых жыхароў. Маўляў, яны там спарадзілі крымінал, бясконца гвалцяць жанчын, ад іх адны праблемы. І зараз, калі Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што прывязе дзясяткі тысяч гэтых самых мігрантаў у Беларусь, то рэакцыя людзей была адпаведнай.
«Лукашэнка перастаў адчуваць грамадства…Лукашэнка даўно знаходзіцца ў інфармацыйнай бурбалцы, у прасторы, моцна скажонай яго асяроддзем. Таму перыядычна робіць памылкі. Яго папулізм не спрацоўвае. Класічны прыклад - 2020 год, калі Лукашэнка нарабіў столькі памылак, што сам у значнай ступені справакаваў народны выбух.
То бок, дыктатарскі рэжым па самой сваёй прыродзе рэгулярна «падстаўляецца», робіць крокі, якія выклікаюць абурэнне людзей. Гэта непазбежны працэс ва ўмовах адсутнасці зваротнай сувязі з грамадствам. У аўтакратыях па-іншаму і не бывае. Таму зараз Лукашэнка вымушаны апраўдвацца, абвінавачваць ворагаў, якія «народ спрабуюць палохаць», - піша Валер Карбалевіч.