Кіраўнікі камітэтаў замежных спраў сямі краін Еўропы заклікалі да непахіснасці ў дачыненні да Расеі
- 26.04.2025, 11:05
Не можа быць кампрамісаў у пытаннях, якія датычацца суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.
Кіраўнікі парламенцкіх камітэтаў замежных спраў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Чэхіі, Украіны, Францыі і Вялікай Брытаніі заклікаюць ЗША ў супольнай заяве, апублікаванай у пятніцу, не саступаць шантажу і падману Расеі ў пытаннях, якія тычацца Украіны, паведамляе «Польскае радыё».
«Мы, кіраўнікі камітэтаў замежных спраў еўрапейскіх парламентаў, заклікаем прэзідэнта (Дональда) Трампа і Кангрэс ЗША прадэманстраваць сапраўднае лідарства ў супрацьстаянні пагрозе, якую прадстаўляе Расея, будучы дзяржавай-агрэсаркай», — гаворыцца ў паведамленні парламентарыяў.
Аўтары ліста заклікаюць да «заканчэння палітыкі задавальнення агрэсара» ў стаўленні да Масквы і да замены яе супольнай, рашучай пазіцыяй у стаўленні да расейскага рэжыму.
«Мы рашуча папярэджваем аб саступках перад шантажом і хітрыкамі Крамля», — напісана ў заяве.
«Не можа быць кампрамісаў і вонкавага ціску на Украіну ў пытаннях, якія тычацца яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці», – падкрэсліваюць парламентарыі.
Яны таксама заклікаюць краіны Еўрапейскага Звязу паскорыць уступленне Украіны ў супольнасць. «Мы не можам паўтараць памылку Мюнхена 1938 года. Мы заклікаем усе краіны, - працягваюць падпісанты ліста, - зрабіць так, каб Уладзімір Пуцін і ўсе тыя, хто з'яўляецца суўдзельнікам яго злачынстваў, паўсталі перад правасуддзем. Трывалы мір і бяспека немагчымыя без адказнасці за ваенныя злачынствы, учыненыя яго рэжымам».