BE RU EN

Ашуканцы пачалі падманваць беларусаў, прапануючы «ўнікальныя» лекі

  • 26.04.2025, 12:34

Яны нібыта «дапамагаюць» ад распаўсюджанага захворвання.

Ашуканцы прыдумалі новую схему падману беларусаў - прапануюць «унікальныя» лекі ад цукровага дыябету, паведамляе тэлеграм-канал «Народный антифейк».

Гэта захворванне адно з самых распаўсюджаных у свеце, у Беларусі за апошнія 20 гадоў адзначаецца рост колькасці пацыентаў з цукровым дыябетам утрая.

Аферысты запусцілі рэкламу ў інтэрнэце з гучным загалоўкам: «МЗС РФ перадало Беларусі ўнікальны прэпарат ад дыябету, які зніжае смяротнасць!».

«У аб'яве гаворыцца, што лекі можна атрымаць па заяўцы праз «афіцыйную старонку», а колькасць упаковак нібыта абмежаваная. Вы пераходзіце па спасылцы - быццам бы нічога падазронага: артыкул лекара, тэкст аб дыябеце, усё выглядае цалкам прыстойна», - адзначае тэлеграм-канал.

Аднак, калі карыстачы чытаюць аб'яву, нечакана з'яўляецца паведамленне: «Віншуем! Паколькі вы з Менска, у вас ёсць унікальная магчымасць атрымаць тавар бясплатна!» Менавіта пасля гэтага і пачынаецца зман.

Карыстачам прапануюць увесці свае персанальныя звесткі, але ніякіх лекаў яны, натуральна, не атрымліваюць. Небяспека палягае ў тым, што ашуканцы, якія атрымалі доступ да персанальных звестак людзей, пазней выкарыстоўваюць іх для далейшага падману.

Напрыклад, могуць звязацца з чалавекам, звесткі якога атрымалі, прадставіцца супрацоўнікамі банка і заявіць аб блакаванні карткі, а далей патрабаваць перавесці грошы ім на рахунак, каб разблакаваць, ці ж могуць даслаць паведамленне аб якім-небудзь вялікім выйгрышы, для атрымання якога трэба перавесці нейкую суму ім на рахунак, схем падману вельмі шмат.

Апошнія навіны