ФСБ заявіла аб затрыманні падазраванага ў падрыве генерала Маскаліка
- 26.04.2025, 19:51
Яму інкрымінуюць не забойства, а ўчыненне тэракту.
ФСБ Расеі заявіла аб затрыманні падазронага ў падрыве намесніка начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл РФ Яраслава Маскаліка, паведамляюць расейскія прапагандысцкія агенцтвы РІА Новости і ТАСС.
Затрыманага клічуць Ігнат Кузін. Паводле версіі следства, ён заклаў узрыўчатку ў аўтамабіль недалёка ад дома расейскага вайскоўца ў Балашысе. У выніку выбуху Маскалік атрымаў цяжкія раненні, ад якіх пасля сканаў.
Інцыдэнт здарыўся ўчора раніцай. Пасля праверкі Следчы камітэт адкрыў крымінальную вытворчасць паводле артыкулаў аб забойстве і незаконным абароце выбуховых рэчываў. У той жа час паводле звестак ФСБ, Кузіну інкрымінуюць не забойства, а ўчыненне тэракту.
Сілавікі сцвярджаюць, што выбуховае прыстасаванне, якое спрацавала ў прыпаркаваным аўто падчас замаху на Маскаліка, нібыта дыстанцыйна актывавалі з тэрыторыі Украіны.