У Менску заўважылі смерч?
- 26.04.2025, 20:55
Белгідрамет пракаментаваў.
У Сеціве распаўсюджваецца відэа з віхурай, якое было заўважанае менчуком удзень 26 красавіка ў раёне Даўгінаўскага тракту. Ці быў гэта смерч, даведаўся карэспандэнт агенцтва «Минск-Новости».
Відэа відавочцаў вывучылі спецыялісты з Белгідрамета, якія ўсумніліся ў вызначэнні прыроднай з'явы:
— Паколькі сёння ўдзень умовы надвор'я ў Менску вызначаліся халоднай няўстойлівай паветранай масай, якая прадугледжвае развіццё кучова-дажджавой воблачнасці, то існавала імавернасць рэзкага шквалістага ўзмацнення ветру. Аднак віхура на відэа не апускаецца з кучава-дажджавога аблока, а, наадварот, прыўздымаецца з паверхні зямлі, што адпавядае крытэрам пыльнай віхуры.
Ва ўстанове адзначылі, што такая лакальная з'ява ўяўляе сабой віхравы рух паветра дыяметрам да 5 м і вышынёй да 20 м, якое ўзнікае ля паверхні зямлі ўдзень у выніку сонечнага прагрэву. Яго працягласць складае некалькі хвілін.
Смерч жа - гэта моцная маламаштабная (дыяметрам ад 10 да 1500 м) віхура з вертыкальнай воссю кручэння, якая фармуецца пад кучава-дажджавымі аблокамі і мае невялікую працягласць існавання (аж да некалькіх гадзін).
- Часцей за ўсё смерчы назіраюцца ў цёплы час года, калі ў атмасферы адзначаецца моцная няўстойлівасць, якая характарызуецца наяўнасцю зон актыўнай канвектыўнай і навальнічнай дзейнасці. Пры гэтым адзначаецца наяўнасць цёплых і вільготных патокаў у ніжняй частцы атмасферы і сухіх патокаў у яе верхняй частцы. Найбольш часта такія ўмовы фармуюцца пры праходжанні халодных атмасферных франтоў, - рэзюмавалі спецыялісты.
Дарэчы, паводле інфармацыі МНС, ніякіх інцыдэнтаў, звязаных з віхурай, у сталіцы не зафіксавана.