«Лукашэнка зрабіў сябе падпарадкаваным»
- 26.04.2025, 21:22
Барацьба з рэжымам – гэта і ёсць абарона незалежнасці Беларусі.
Сустрэча міністраў замежных спраў Вялікай Брытаніі, ЗША, Украіны, Францыі і Нямеччыны, якая была запланаваная ў Лондане на 23 красавіка, сарваная. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абрынуўся з крытыкай на Уладзіміра Зяленскага за словы аб адмове прызнаваць Крым расейскім.
Што апошнія падзеі значаць для Беларусі? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым:
- Беларусь сышла з радараў сусветнай увагі. У гэтым часткова вінаватыя і тыя колы на Захадзе, якія ўсяляк піяраць пустыя і выдзіманыя фігуры, якія называюць сябе апазіцыяй. Яны проста не ўпісваюцца ў кантэкст сур'ёзных размоў аб новай сітуацыі ў свеце.
Аднак Беларусь з'яўляецца ключавой краінай не толькі для рэгіёна, але і для міжнароднай бяспекі. Калі сур'ёзна казаць пра працэсы, якія сёння адбываюцца ў свеце, нельга не заўважыць, што шмат якія з негатыўных тэндэнцый пачыналіся ў Беларусі. Няма нічога выпадковага ў свеце. Падзеі ў Беларусі несумненна ўплывалі на ўзмацненне дыктатарскіх рэжымаў ва ўсім свеце, на рост грубых парушэнняў правоў чалавека, злачынстваў супраць чалавечнасці. Заходнія дэмакратыі дэманстравалі занадта дабрадушнае стаўленне да Лукашэнкі, «калгаснай дурылкі», як яго ўспрымалі, нягледзячы на адкрытае яго імкненне пабудаваць феадальную дыктатуру ў Беларусі. Такая ж палітыка "заплюшчаных вачэй і адкрытых бізнэс-абдымкаў" характэрна для заходніх дэмакратый у дачыненні да іншых аўтакратый, якія з'явіліся за апошнія чвэрць стагоддзя.
Такая дабрадушнасць непазбежна вядзе да войн. Прыйшла вайна і ў Еўропу. Таму задача сёння з гэтай вайной скончыць і дапамагчы Украіне гэтую вайну выйграць. Толькі такі зыход вайны забяспечыць нам і незалежнасць, і бяспеку, і свабоду.
Я ўпэўнены, што Пуціну не ўдасца падпарадкаваць, акупаваць, раз'яднаць Украіну. Тое самае тычыцца Беларусі. Я ўпэўнены, што не ўдасца ўключыць Беларусь у склад Расеі. Але за гэта трэба змагацца, трэба за гэта біцца па-сур'ёзнаму, каб не адбывалася большага абвастрэння ў нашым рэгіёне. Беларусь і так уцягнутая ў вайну намаганнямі Лукашэнкі, наша тэрыторыя аддадзена пад патрэбы вайсковай машыны Расеі. Агрэсія Расеі сама не спыніцца, яе неабходна спыніць. Бяспека Еўропы будзе гарантаваная толькі тады, калі Украіна, у сваіх межах 1991 года, і Беларусь стануць часткай Еўрапейскага звязу.
- Відавочна актывізаваўся ціск на Лукашэнку з боку Расеі - вучэнні «Захад», пастаянныя паездкі дыктатара ў Расею, дзе праходзяць закрытыя перамовы, у Менск наведваўся Нарышкін. Якую мэту мае Крэмль?
- Пуцін хоча паказаць, што Лукашэнка падпарадкаваны, абсалютна. Выкарыстоўваць дыктатуру Лукашэнкі, каб зноў усіх пастрашыць. Працягваецца гульня ў нібыта прысутнасць ядравай зброі ў Беларусі, якая можа быць прыменена супраць сусветных ворагаў. Я гэтаму ўсяму не веру. У Пуціна няма сёння ў планах поўнай інкарпарацыі Беларусі. Яму патрэбны хоць нейкі дадатковы голас на міжнароднай арэне. Нават лукашэнкаўскі голас неабходны. Таму ён не спяшаецца паскараць працэсы паглынання. Паказаць, што яны поўнасцю кантралююць тэрыторыю праз свайго дыктатара, яны могуць.
Лукашэнка зрабіў сябе падпарадкаваным праз эканамічны ціск. Калі ён крыху вільне ў бок, нейкае непаслушэнства прадэманструе, значыць, яго пазбавяць датацый. Але гэта не азначае, што Захаду трэба бегчы, як некаторыя раяць, і дапамагаць Лукашэнку стаць самастойным. Гэта ўжо немагчыма. Гэта ўстояны дыктатар - прарасейскі, антыбеларускі. І чым хутчэй ён сыдзе з палітычнай арэны, тым лепш будзе ўсім, у тым ліку і яго атачэнню.
- Беларуская незалежнасць у відавочнай небяспецы. Што можна зрабіць у цяперашніх умовах, каб яе абараніць?
- Яна ў відавочнай небяспецы праз рэжым Лукашэнкі. Барацьба з рэжымам Лукашэнкі - гэта і ёсць абарона незалежнасці Беларусі. Так, складаная сёння сітуацыя ў самой Беларусі. Трэба, вядома, дзейнічаць з розумам і асцярожна, але не забывацца, што толькі ў сваёй дзяржаве мы зможам пабудаваць нармальнае сваё жыццё. Барацьба з рэжымам - гэта непрызнанне, непрыняцце гэтага рэжыму. А формы выказвання гэтага ў такі складаны час беларусы самі знойдуць.