Латвія можа байкатаваць ЧЕ ў футзале праз беларускую каманду
- 27.04.2025, 16:38
Да байкоту могуць далучыцца Літва і Украіна.
На найбліжэйшым пасяджэнні выканкама УЕФА ў пачатку траўня павінна быць прынятая пастанова аб правядзенні фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы-2026 у футзале ў Латвіі і Літве, паведаміў парталу Sportacentrs.com прэзідэнт Латвійскай федэрацыі футболу Вадзім Ляшэнка.
Адным з удзельнікаў турніру з'яўляецца каманда Беларусі. Паводле словаў Ляшэнкі, у цяперашні час немагчымы выступ беларускай каманды на тэрыторыі Латвіі, паведамляе Delfi.
Вадзім Ляшэнка не выключае і магчымасці таго, што Латвія не будзе ўдзельнічаць у фінальным турніры ЕЎРА-2026 у футзале.
Калі УЕФА пастановіць правесці фінальны турнір чэмпіянату Еўропы дзесьці ў іншым месцы, а не ў Латвіі і Літве, то паўстане пытанне, ці будзе каманда Латвіі ў ім удзельнічаць, калі сярод удзельнікаў будзе і каманда Беларусі. Я гляджу на гэта з рызыкай», – адзначыў кіраўнік ЛФФ.
Найбліжэйшы чэмпіянат Еўропы ў футзале з удзелам 16 камандаў пройдзе ў пачатку наступнага года. Турнір павінен стаць дэбютам каманды Латвіі на такім узроўні.
Закон Латвіі аб спорце забараняе арганізоўваць спаборніцтвы з удзелам расейскіх і беларускіх камандаў. У Літве такой канкрэтнай забароны няма, але кіраўнік Федэрацыі футболу Літвы катэгарычна адхіліў такую магчымасць, указаўшы, што пастараецца атрымаць афіцыйнае пацвярджэнне ад ураду, што беларускую каманду не пусцяць у краіну.
Прэзідэнт Латвійскай федэрацыі футболу Вадзім Ляшэнка паведаміў Sportacentrs.com, што ў Латвіі і Літвы адзіная пазіцыя ў гэтым пытанні: «Наша пазіцыя была зразумелай даўно – яшчэ ў той момант, калі пачалася вайна (ва Украіне). Як і ў той час, калі распрацоўваліся папраўкі ў Закон аб спорце, LFF займалася іх фармаваннем на апярэджанне. Мы даўно размаўлялі з усімі залучанымі бакамі наконт гэтай магчымай сітуацыі, яшчэ калі падавалі заяўку на правядзенне фінальнага турніру ЕЎРА ў футзале. Той факт, што Беларусь выйшла ў фінальны турнір, стаў нечаканасцю для многіх, бо ў сваёй групе яны гулялі з Італіяй. Цяпер нам трэба распрацаваць план А, план В і план С і паглядзець, якую пастанову прыме УЕФА».
Ці ўваходзіць у гэтыя планы фінальны турнір у Латвіі з удзелам каманды Беларусі? Дакладна не. Такая магчымасць не разглядаецца», – падкрэсліў Ляшэнка.
Украінскі бок пакуль не даў канчатковай згоды на свой удзел у ЕЎРА-2026 і разглядае магчымасць байкоту на знак пратэсту супраць допуску Беларусі да фінальнага турніру.