Як склаўся лёс немца, які стаў закладнікам рэжыму Лукашэнкі?
- 28.04.2025, 10:14
У Нямеччыне супраць яго працягваецца расследаванне.
Пасля маштабнага абмену ў пачатку жніўня 2024 года грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер хутка знік з поля зроку СМІ, - піша палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
- Цяпер выданне Die Welt надумала высветліць, як склаўся ягоны лёс, і паразмаўляла з самім Крыгерам - чалавекам, якога ў Менску абвінавацілі ў супрацоўніцтве з СБУ і палком Кастуся Каліноўскага і спробе тэракту на замову ўкраінскіх спецслужбаў. Тады ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання, пасля памілаваны і абменены.
Высветлілася, што Крыгер зноў працуе парамедыкам - як і да сваёй загадкавай паездкі ў Беларусь, - зараз на поўдні Нямеччыны. Нягледзячы на высокі попыт на спецыялістаў ягонай прафесіі, знайсці працу яму было няпроста: многіх працадаўцаў адпудзіла ягонае мінулае.
Аб поўнай нармалізацыі казаць не даводзіцца. Федэральная пракуратура працягвае расследаванне супраць Крыгера ў сувязі з выбухам на станцыі Азярышча. Калі справа дойдзе да суда, яму можа пагражаць турэмны тэрмін - ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў.
Пакуль следчыя ўстрымліваюцца ад каментароў, сам Крыгер намагае на сваёй невінаватасці. Паводле ягоных слоў, аб падрыхтоўцы выбуху ён нічога не ведаў. Свае прызнанні на ТВ у Беларусі ён называе вымушанымі: у адваротным выпадку, сцвярджае ён, смяротны прысуд мог быць прыведзены ў выкананне.
Цікаўная дэталь: адвакатам Крыгера выступае адна з ключавых фігур партыі «Левых» - 77-гадовы Грэгар Гізі, найстарэйшы дэпутат Бундэстага цяперашняга склікання. У часы ГДР адвакат Гізі абараняў дысідэнтаў, а пасля 1989 года яго не раз абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з мясцовай дзяржбяспекай Штазі.
Калі ў сённяшняй Нямеччыне нехта і здольны зразумець метады КДБ і ацаніць тое, праз што давялося прайсці Крыгеру ў Беларусі, дык гэта Грэгар Гізі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.