BE RU EN

ISW: Расея адмовілася ад мірнага плана ЗША

  • 28.04.2025, 10:37

Што азначаюць словы Лаўрова.

Новыя заявы расейскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова дэманструюць, што Расея са свайго боку не гатовая ісці ні на якія тэрытарыяльныя саступкі, якія прадугледжвае план адміністрацыі Дональда Трампа.

Пра гэта ідзе размова ў новай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падкрэсліў даўнюю пазіцыю Расеі супраць усіх форм тэрытарыяльных саступак Украіне, што падрывае намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў дасягненні трывалага міру, канстатуюць аналітыкі ISW. Лаўроў заявіў у інтэрв'ю CBS News, якое выйшла ў эфір 27 красавіка, што «Расея не вядзе перамоў наконт сваёй тэрыторыі», калі яго спыталі аб статусе акупаванага Расеяй Крыма ў бягучых перамовах. «Я не думаю, што якія-небудзь змены магчымыя», - заявіў Лаўроў і ў адказ на пытанне аб тым, ці гатовы Крэмль разгледзець пытанне аб перадачы кантролю над Запарожскай атамнай электрастанцыяй (ЗАЭС), якую Расея зараз акупуе. Як паведамлялася раней, гэта адна з сямі ўмоў у плане па заканчэнні вайны, які прапанавала адміністрацыя Трампа.

Улічваючы гэтыя словы Лаўрова ў ISW нагадваюць, што Расея зацвердзіла папраўкі ў Канстытуцыю, якія замацавалі [юрыдычна нікчэмную] пастанову «абвясціць» Крым, Херсонскую, Запарожскую, Данецкую і Луганскую вобласці нібыта «тэрыторыямі Расеі». Таму з таго часу, падкрэсліваюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны, Масква абапіраецца «на псеўдаправавую базу», паводле якой акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі цяпер нібыта з'яўляюцца часткай Расеі «канстытуцыйна». Гэтым Расея аргументуе сваю адмову ад кампрамісаў у пытанні перадачы Украіне ўсялякіх тэрыторый у акупаваных Расеяй Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцях, а таксама Крыма ў рамках мірнага пагаднення аб спыненні вайны.

Расейскія чыноўнікі таксама выкарыстоўваюць гэтую псеўдаправавую базу, каб патрабаваць ад Украіны перадаць Расеі дадатковыя тэрыторыі ў межах Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, якія Расея пакуль не акупуе. Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава 26 красавіка таксама заявіла, што расейскія войскі прэтэндуюць на захоп усёй "тэрыторыі Расеі", якая, паводле яе слоў, уключае Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую вобласці.

У ISW падкрэсліваюць, што гэтыя новыя заявы Лаўрова і іншых расейскіх афіцыйных асоб наўпрост супярэчаць прапанаванай адміністрацыяй Трампа аснове для пагаднення аб міры, якая ўключае ўзаемныя тэрытарыяльныя саступкі, сярод іншага вяртанне Украіне тэрыторый у Харкаўскай вобласці і ЗАЭС. Аналітыкі працягваюць канстатаваць, што Украіна застаецца адкрытай для добрасумленнага дыялогу з Расеяй і гатовая разглядаць тэрытарыяльныя пытанні, у той час як Расея не робіць ніякіх саступак са свайго боку і намагае на ўмовах, раўназначных капітуляцыі Украіны.

Апошнія навіны