BE RU EN

Чарнагорыя перагледзіць выдачу ганаровых грамадзянстваў

  • 29.04.2025, 18:08

Нагодай стала справа супраць бізнэсмэна з Косава, які атрымаў «залаты пашпарт».

Прэм'ер-міністр Чарнагорыі Мілойка Спаіч абвясціў, што ў найбліжэйшыя дні ініцыюе перагляд прысвоеных замежнікам ганаровых грамадзянстваў, паведамляе RTCG.

Ганаровае грамадзянства Чарнагорыі прысуджаецца выключна на прапанову найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў і ў тым выпадку, калі гэта мае асаблівае значэнне для інтарэсаў Падгорыцы ў розных сферах.

«Калі апынецца, што ганаровыя грамадзянствы надаюцца як "асабістыя паслугі" або без дакладных крытэраў, гэта падрывае веру грамадзянаў у вяршэнства закона і адкрывае прастору для кліентэлізму і палітычнай карупцыі», – падкрэсліў Спаіч.

Падставай для перагляду пастановаў аб прысуджэнні ганаровых грамадзянстваў стала справа бізнэсмэна з Косава Насера Рамая, якога абвінавачваюць у датычнасці да ўхілення ад выплаты падаткаў на больш як €2 млн, адзначае RTCG.

Прадпрымальнік атрымаў ганаровае грамадзянства Чарнагорыі ў 2023 годзе на прапанову на той момант прэм'ер-міністра краіны Дрытана Абазовіча. Абгрунтаванне заключалася ў тым, што ягоныя інвестыцыі будуць спрыяць стварэнню працоўных месцаў і паўплываюць на «фінансавы і эканамічны прагрэс Чарнагорыі». Пастанову падтрымаў Мінфін краіны, поўная працэдура прысуджэння ганаровага грамадзянства прайшла за два месяцы.

Апошнія навіны