Францыя ўпершыню абвінаваціла ваенную выведку РФ у кібератаках
- 29.04.2025, 21:09
МЗС Францыі зрабіў заяву.
Улады Францыі абвінавацілі расейскую ваенную выведку (ГРУ) у арганізацыі серыі кібератак супраць краіны за апошняе дзесяцігоддзе, у тым ліку ва ўзломах сэрвераў арганізацыі, якая ўдзельнічала ў падрыхтоўцы Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы і першай прэзідэнцкай кампаніі Эмануэля Макрона ў 2017 годзе 2015 годзе, паведамляе ў аўторак, 29 красавіка, агенцтва AFP са спасылкай на Міністэрства замежных справаў у Парыжы. Паводле ягоных звестак, падраздзяленне ГРУ, якое спецыялізуецца на такіх атаках, з 2021 года нацэлілася таксама на дзясяткі французскіх арганізацый, у тым ліку «абаронны, фінансавы і эканамічны сектары».
«Расейская ваенная выведка цягам некалькіх гадоў выкарыстоўвае супраць Францыі кібератаку групы пад назвай APT28. З 2021 года яна была накіраваная супраць дзясятка французскіх арганізацый», – заявіў міністр замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро ў паведамленні ў сацсетцы X, упершыню афіцыйна прыпісаўшы гэтыя кібератакі ГРУ. Ён дадаў, што французскія ўлады назіраюць «за сваімі спаборнікамі, блакуюць іх і змагаюцца з імі».
«APT28 таксама выкарыстоўваецца для сталага ціску на ўкраінскую інфраструктуру ў кантэксце агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны», – гаворыцца ў паведамленні французскага МЗС. У 2015 годзе ATP28, выдаючы сябе за баевікоў Ісламскай дзяржавы, узламала франкамоўны тэлеканал TV5 Monde «з мэтай маніпулявання грамадскай думкай» і «стварэння панікі ў Францыі», удакладняюць там. Францыя ў апошняе дзесяцігоддзе часта станавілася мішэнню ісламісцкіх нападаў, напрыклад у 2015 годзе, нагадала AFP.