BE RU EN

The Economist: Трамп даў Пуціну па зубах

  • 30.04.2025, 11:50

Рост расейскай эканомікі ўпаў да нуля.

Магчыма, Дональд Трамп добра ставіцца да Уладзіміра Пуціна, але менавіта сваімі тарыфнымі войнамі прэзідэнт ЗША «стукнуў яго па зубах».

Пра гэта паведамляе The Economist.

Эканоміка РФ імкліва запавольваецца

З канца мінулага года ў расейскай эканоміцы азначыўся значны спад. Паводле інфармацыі высокачастотнага індэкса, складзенага банкам Goldman Sachs, гадавыя тэмпы росту ВУП упалі прыкладна з 5% да нуля. Аналагічныя тэндэнцыі фіксуе і ЗЭБ – расейскі банк развіцця. Індыкатар дзелавой актыўнасці ад Сбербанка таксама паказвае зніжэнне.

Хоць улады праяўляюць асцярожнасць, яны прызнаюць наяўнасць праблем: у пачатку красавіка цэнтрабанк адзначыў, што «ў шэрагу галін зафіксаванае зніжэнне выпуску прадукцыі праз значнае падзенне попыту».

Пасля росту значнае тармажэнне

Спад надыходзіць пасля перыяду, цягам якога эканоміка Расеі дэманстравала рост, нягледзячы на санкцыі і вайну. Гэтаму садзейнічалі шчодрыя бюджэтныя фундаванні, высокія кошты сыравіны і мілітарызацыя эканомікі.

Пасля ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе аналітыкі прагназавалі падзенне ВУП да 15%, але рэальнае скарачэнне склала ўсяго 1,4%. У 2023 і 2024 гадах эканоміка вырасла на 4,1% і 4,3% адпаведна. Узровень спажывецкага даверу дасягаў рэкордных значэнняў.

Паколькі стала здавацца, што Трамп можа даць Пуціну тое, што ён хоча, каб пакласці канец ягонай вайне з Украінай, некаторыя чакалі, што эканоміка Расеі яшчэ больш паскорыцца ў 2025 годзе, піша The Economist.

Фактар першы: заканчэнне «структурнай трансфармацыі»

Першае звязанае з тым, што цэнтральны банк Расеі эўфемістычна называе «структурнай трансфармацыяй» эканомікі.

Расея, якая развярнулася ад Захаду да Усходу, уклала каласальныя рэсурсы ў перабудову: будаўніцтва вайсковых заводаў, стварэнне лагістычных ланцужкоў для гандлю з Кітаем і Індыяй, а таксама імпартазамяшчэнне. Да сярэдзіны 2024 года рэальныя інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі на 23 адсоткі ў параўнанні з канцом 2021 года. Цяпер, паводле ацэнкі ЦБ, гэты этап скончаны.

Вайсковыя выдаткі таксама стабілізуюцца: паводле інфармацыі аналітыка SIPRI Джуліяна Купера, яны павялічацца толькі на 3,4% у рэальным вылічэнні – рэзкае запаволенне ў параўнанні з ростам на 53% летась. Гэта змяншае стымулы для росту.

Фактар другі: высокая інфляцыя

Другі фактар - высокая інфляцыя і рэакцыя цэнтрабанка. З канца 2023 года інфляцыя перавышае мэтавы ўзровень 4%, а ў лютым і сакавіку перавысіла 10%. Прычыны - рост вайсковых выдаткаў, мабілізацыя і страта кваліфікаваных кадраў. У 2023 годзе намінальныя заробкі выраслі на 18%, што вымусіла бізнэс паднімаць кошты. У адказ ЦБ узмацніў жорсткасць палітыкі, пакінуўшы 25 красавіка ключавую стаўку на ўзроўні 21% - максімуме з пачатку 2000-х.

Высокія стаўкі ўмацоўваюць рубель, робяць імпарт таннейшым і зніжаюць інфляцыйныя чаканні (з 14% да 13%). Аднак адваротны бок гэтага - падзенне спажывання і інвестыцый. Людзі аддаюць перавагу зберагаць, а не марнаваць. Бізнэс неахвотна інвестуе праз высокі кошт запазычанняў.

Фактар трэці: замежнаэканамічны ўдар

Калі б справа абмяжоўвалася першымі двума фактарамі, Крэмль мог бы разглядаць сітуацыю як кіраваную. Але трэці фактар - пагаршэнне замежных умоў - стаў вызначальным. Узмацненне гандлёвай вайны ЗША прывяло да падзення сусветных прагнозаў росту і зніжэння коштаў нафты. Асабліва трывожыць Кітай, найбуйнейшы пакупнік расейскай нафты: МВФ знізіў прагноз росту яго ВУП на 2025 год з 4,6% да 4%.

Танная нафта б'е па бюджэце і рынках

Зніжэнне нафтавых коштаў ужо ўдарыла па фондавым рынку – індэкс Маскоўскай біржы ўпаў на 10% ад піка, а экспартныя даходы пачалі скарачацца. У сакавіку паступленні ад нафтагазавых падаткаў упалі на 17% у параўнанні з мінулым годам. 22 красавіка Reuters паведаміў са спасылкай на дакументы ўрада, што чакаецца значнае зніжэнне нафтагазавых продажаў у 2024 годзе.

Адзначым, Сусветны банк прагназуе, што паслабленне сусветнага росту, выкліканае часткова гандлёвымі ўзрушэннямі, прывядзе да зніжэння сусветных коштаў сыравінных тавараў на 12 адсоткаў у 2025 годзе і яшчэ на 5 адсоткаў у 2026 годзе да самага нізкага ўзроўню 2020-х гадоў у рэальным вылічэнні.

Кошты сыравінных тавараў цягам наступных двух гадоў упадуць да сярэдняга ўзроўню 2015-2019 гадоў, што адзначыць канец цэнавага буму, выкліканага эканамічным аднаўленнем пасля COVID-19 і ўварваннем Расеі ва Украіну ў 2022 годзе.

Паводле прагнозаў, сярэдні кошт нафты маркі Brent складзе 64 даляраў за барэль у 2025 годзе, што на 17 даляраў менш, чым у 2024 годзе, і ўсяго 60 даляраў за барэль у 2026 годзе на фоне багатай прапановы і попыту. Сёння нафта каштуе 63 даляры.

Апошнія навіны