Расейскі вайсковец адкрыў агонь па шматдзетнай сям'і ў Курскай вобласці
- 30.04.2025, 16:32
Вайсковец знаходзіўся ў неадэкватным стане.
Уначы 30 красавіка расейскі вайсковец на падставе праверкі дакументаў зайшоў у дом шматдзетнай сям'і Ларыных у сяле Гір'і Курскай вобласці РФ і расстраляў шлюбную пару. Пра гэта паведамляе The Moscow Times са спасылкай на выданне «Пепел».
Паводле звестак выдання, 41-гадовая Алеся Ларына загінула на месцы ад ранаў, а ейны муж знаходзіцца ў рэанімацыі. Дзеці Ларыных не пацярпелі.
Мясцовыя жыхары ў размове з выданнем адзначылі, што вайсковец знаходзіўся ў неадэкватным стане і не выключылі, што ён быў пад уздзеяннем наркотыкаў.
У МУС РФ і Следчым камітэце Курскай вобласці інфармацыю пра здарэнне ў сяле Гір'і пакуль не каментавалі. Населены пункт знаходзіцца ў Бялоўскім раёне Курскай вобласці, які мяжуе з Украінай.