Больш за 150 БПЛА атакавалі Расею: пад ударам тры вайсковыя аэрадромы
- 9.04.2025, 9:59
Атака доўжылася 10 гадзін.
Уночы 9 красавіка сродкі супрацьпаветранай абароны (СПА) перахапілі над расейскімі рэгіёнамі 158 украінскіх беспілотнікаў, паведаміла Мінабароны РФ. Атака працягвалася 10 гадзін і скончылася а 6 раніцы. Больш за ўсё дронаў было збіта над Краснадарскім краем - 67, Растоўскай вобласцю - 29 і Паўночнай Асеціяй - 15. Налёт таксама зазаналі Варонежская, Курская, Белгародская, Пензенская, Саратаўская і Арлоўская вобласці, Стаўрапольскі край і анэксаваны Крым, піша The Moscow Times.
У Паўночнай Асеціі беспілотнікі былі збітыя ў Маздоцкім раёне, заявіў кіраўнік рэспублікі Сяргей Мяняйла. Паводле ягоных слоў, абышлося без ахвяр і разбурэнняў. Як адзначае Astra са спасылкай на мясцовых жыхароў, у Маздоку мэтай нападу быў вайсковы аэрадром. У Саратаўскай вобласці, са звестак Shot, выбухі прагрымелі ў горадзе Энгельсе, побач з якім знаходзіцца база стратэгічных бамбавікоў Расеі. У Арэнбуржкай вобласці, згадкі пра якую няма ў справаздачы Мінабароны, дроны таксама спрабавалі атакаваць вайсковы аэрадром. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Яўген Сонцаў. “Ахвяр і разбурэнняў няма. Прашу не паддавацца паніцы, сітуацыя пад кантролем”, - напісаў ён у тэлеграме. У Пензенскай вобласці пад атаку трапіў Сердобскі раён, у якім размешчаны арсенал ракетнага і артылерыйскага ўзбраення, піша Astra.
У Краснадарскім краі беспілотнікі прыляцелі ў прыгарад Славянска-на-Кубані, дзе знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод, горад Крымск і станіца Раеўская. У прадмесці Растова-на-Доне Аксае беспілотнік павіс на шворцы для бялізны на вуліцы Платава, 74, паведаміў карэспандэнту губернатара Растоўскай вобласці Юрый Слюсар. З-за пагрозы выбуху жыхароў усіх 48 кватэр эвакуавалі. Пацярпелых і разбурэнняў зафіксавана не было. Акрамя таго, напад украінскіх дронаў зазналі Новашахцінск, Данецк, Зернеград і Таганрог, а таксама Каменскі, Някліноўскі, Чарткоўскі, Тарасаўскай і Мілераўскі раёны. У Данецку і Зернеградзе праз падзенне абломкаў беспілотнікаў пашкоджанні атрымалі дахі двух жылых дамоў. Усе гэтыя гарады і раёны размешчаныя побач з акупаванымі тэрыторыямі Украіны.
На фоне нападаў ўкраінскіх дронаў ў аэрапортах Уладзікаўказа, Валгаграда і Грознага ўводзіліся абмежаванні на прыём і адпраўку паветраных суднаў - для забеспячэння бяспекі палётаў. Да сямі раніцы па маскоўскім часе абмежаванні былі знятыя. На запасныя аэрадромы за гэты час пайшлі тры самалёты: адзін ляцеў даУладзікаўказа, адзін - у Валгаград і адзін - у Грозны.