Намесніца міністра сувязі раптоўна прызналася, што лукашысты бяссільныя супраць YouTube
- 9.04.2025, 10:35
Чыноўніца шчыра пра гэта расказала блогеру Андрэю Павуку.
Чаму ўлады не спяшаюцца блакаваць у Беларусі YouTube, шчыра расказала блогеру Андрэю Павуку намесніца міністра сувязі і інфарматызацыі Таццяна Рускевіч, піша «Зеркало».
Блогер патэлефанаваў чыноўніцы з пытаннем, калі ў нашай краіне адключаць папулярны замежны відэахостынг. На гэта чыноўніца запярэчыла, што ў выпадку блакавання беларусы "паставяць VPN" і далей будуць глядзець ролікі ў YouTube.
— Але ў нас тады не будзе інструмента, каб супярэчыць і супрацьдзейнічаць усяму дрэннаму, што пра нас гавораць. Рэч у тым, што YouTube - гэта вельмі добры спосаб прадаваць паслугі нашых прадпрыемстваў за межы краіны і гэтым забяспечваць працу эканомікі і выплату пенсій нашым грамадзянам, - заявіла Рускевіч, не ўдакладніўшы, наколькі вялікі ўплыў замежнага відэахостынгу на прасоўванне прадукцыі айчынных дзяржпрадпрыемстваў за мяжой.
Намесніца міністра інфарматызацыі таксама дадала, што YouTube дапамагае "ўсяму свету пра нас даведацца са станоўчага пункту гледжання" і нібыта "зрухі ўжо пайшлі".
- Таму рабіць як Расея і ад усяго адгарадзіцца - гэта дрэнная гісторыя. Трэба ўмець рызыкамі кіраваць, а не ліквідоўваць, - заявіла Рускевіч, забыўшыся пра тое, як у Беларусі масава блакуюць і прызнаюць “экстрэмісцкімі” альтэрнатыўныя СМІ і крыніцы інфармацыі.
— Дык усё ж заходнікі гэтыя нам нешта добрае могуць прапанаваць?
- Рэч у тым, што ў кожнай краіне ёсць вырадкі і людзі, а ёсць вельмі добрыя людзі, якія жывуць з суседзямі мірна. Ёсць палітыка краін, якія супраць нас, якія вельмі прагнуць нашую тэрыторыю захапіць. Ёсць краіны, якія проста назіраюць, як усё ж развіваюцца падзеі, наколькі наша краіна хоча мірна жыць з суседзямі: нікому не пагражае, нікому не шкодзіць, не пачынае ваенныя дзеянні супраць каго-енебудзь. І тады нават у тых краін, якія хацелі нам нашкодзіць, з'яўляюцца думкі аб тым, што, мусіць, усё ж не ўсё так проста. Калі мы адключым рэсурсы, праз якія тыя, хто хоча, атрымлівае інфармацыю, дык мы ў сябе з-пад ног крэсла выбіваем, - адказала намесніца міністра сувязі, не канкрэтызаваўшы тыя краіны, у якіх “вырадкі” не хочуць жыць з суседзямі мірна, пагражаюць і пачынаюць ваенныя дзеянні.
На ўдакладняльнае пытанне Павука аб тым, чаму ў Беларусі не стварылі айчынны аналаг YouTube, намесніца міністра сувязі адказала сумленна:
- Нават калі мы іх прыдумаем, іх глядзець ніхто не будзе. У нас яны, можа і ёсць... Некаторыя ёсць... Але іх не глядзяць...
- Чаму? Нецікава, ці што?
- Вось расейцы зрабілі RuTube. Ніхто ў свеце яго не глядзіць, акрамя іх саміх. Таму яны праз нас прадаюць сваю прадукцыю. Шмат што прадаецца праз нашыя кампаніі, якія ў YouTube, у TikTok…
Таццяна Рускевіч таксама падкрэсліла:
- Нельга самім сабе блакаваць жыццё. Гэта ўсё адно, што выключыць электрычнасць, бо разеткі небяспечныя.
Андрэй Павук згадаў і айчынны відэахостынг "Відэа.бел", які пазіцыянаваўся як "беларускі аналаг YouTube".
- Ён жа зусім мёртвы.
- Ну таму што ніхто не хоча на ім нічога размяшчаць. Калі прадукцыю на ім размяшчаць, яна не будзе запатрабаваная, - адказала Таццяна Рускевіч.