Дональд Трамп падпісаў дэкрэт наконт вугалю
- 9.04.2025, 12:54
Указ прызнае выкапень крытычна важным мінералам.
Дональд Трамп падпісаў дэкрэт аб прызнанні вугалю крытычна важным мінералам. Прэзідэнт ЗША таксама абвясціў аб іншых мерах скасавання экалагічнага рэгулявання, павелічэнні здабычы вугалю і блакаванні закрыцця шахт, паведамляе tvn24.pl.
“Сёння мы робім гістарычныя дзеянні, каб дапамагчы амерыканскім працоўным, шахцёрам, сем'ям і спажыўцам. Раз і назаўжды мы заканчваем вайну Джо Байдэна з прыгожым чыстым вугалем (...) мы вяртаем шахцёраў да працы”, - абвясціў Трамп на цырымоніі падпісання новых указаў у падтрымку вугальнай прамысловасці.
Указы Трампа з'яўляюцца часткай больш шырокай ініцыятывы аб дэрэгуляванні ў энэргетычным сектары, накіраваным на павелічэнне вытворчасці электраэнэргіі.
Трамп таксама падпісаў пастанову, якая абавязвае міністра энэргетыкі класіфікаваць вугаль як “крытычны мінерал” і дазваляе павялічыць здабычу сыравіны, выкарыстоўваючы пункты закона аб абароннай вытворчасці, створанага для павелічэння вытворчасці матэрыялаў і тавараў, неабходных для нацыянальнай абароны.
У іншым указе гаворыцца аб спыненні "дыскрымінацыйнай" палітыкі ўрадавых устаноў супраць здабычы вугалю, якая дазваляе адкрываць новыя шахты на федэральных землях. Трамп таксама даручыў Міністэрству юстыцыі пераследаваць і змагацца з "незаконнымі" правіламі ўрада штата ў дачыненні да выкапнёвага паліва.