Зяленскі заявіў, што на баку Расеі ваюе мінімум 155 грамадзянаў Кітая
- 9.04.2025, 21:02
Расейцы прывабліваюць грамадзянаў КНР праз сацыяльныя сеткі.
У расейскім войску ваюе не менш як 155 грамадзянаў Кітая, інфармацыя пра якіх вядомая ўкраінскім спецслужбам. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, паведамляе «Суспільне».
«Мы збіраем інфармацыю, думаем, што іх больш, нашмат. Пра гэтых 155 – ёсць пашпартныя звесткі, адкуль яны, іх дакументы, узрост, месцы службы. Зразумелая схема, як іх вярбуюць», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле словаў Зяленскага, расейцы прывабліваюць грамадзянаў КНР праз сацыяльныя сеткі, напрыклад Tik-Tok. Там яны распаўсюджваюць рэкламныя ролікі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што афіцыйны Пекін пра гэта ведае.
«Далей гэтыя людзі прыбываюць у Расейскую Федэрацыю, у Маскву. Медыцынскія абследаванні тры-чатыры дні. Адзін-два месяцы – навучальныя цэнтры. Ваююць яны на тэрыторыі Украіны», – дадаў ён.
Таксама Зяленскі назваў імёны двух палонных грамадзянаў Кітая – Ванг Гуанцзюн 1991 года нараджэння і Чанг Рэнбо 1998 года нараджэння.