Курс біткойна перавысіў $80 тысячаў
- 9.04.2025, 21:49
Крыптавалюта ўзляцела ў кошце пасля пастановы Трампа пра паўзу ў мытах.
Курс біткойна рэзка вырас вышэй за $80 тыс. пасля публікацыі Дональда Трампа пра тое, што на 90 дзён памер мытаў больш як для 75 дзяржаваў будзе складаць 10%.
За некалькі гадзінаў да гэтага, у пачатку амерыканскай гандлёвай сесіі, Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social напісаў, што «цяпер самы час закупляцца».
Усе буйныя альткойны таксама паказалі рост. За мінулую гадзіну ў шартыстаў на крыптабіржах, якія ставілі на падзенне, ліквідаваныя пазіцыі больш чым на $ 150 млн, паводле звестак Coinglass.
Пастанову пра паўзу ЗША прынялі таму, што больш за 75 краінаў звярнуліся да Вашынгтона з просьбай абмеркаваць пастанову пра гандлёвыя бар'еры і мыты, яны «не ўжылі ніякіх захадаў у адказ», растлумачыў Трамп. Пры гэтым для Кітая, які, паводле словаў амерыканскага прэзідэнта, прадэманстраваў «адсутнасць павагі» да сусветных рынкаў, мыты неадкладна павышаюцца да 125% (раней сумарна складалі 104%).