Навукоўцы стварылі перыядычную табліцу для ШІ
- 1.05.2025, 20:37
Яна падобная на тую самую табліцу Мендзялеева.
Навукоўцы з MIT прыдумалі незвычайную табліцу, у якую можна ўпісаць амаль усе алгарытмы штучнага інтэлекту. Яна падобная на тую самую табліцу Мендзялеева, якую ўсе запаміналі ў школе, толькі замест хімічных элементаў у ёй – алгарытмы. Ідэя ўзнікла выпадкова, калі даследнікі заўважылі, што два на першы погляд розныя метады машыннага навучання насамрэч працуюць вельмі падобна. Так пачаўся працэс стварэння структуры, якая аб'ядноўвае алгарытмы паводле агульных прыкметаў.
Высветлілася, што ў многіх машынных метадаў ёсць нешта накшталт «агульнай матэматыкі» – набору прынцыпаў, паводле якіх яны апрацоўваюць звесткі. Гэта называецца функцыяй стратаў I-Con. Яна адлюстроўвае, наколькі добра мадэль спраўляецца з задачай і як моцна яе прадказанні адрозніваюцца ад правільных адказаў. Калі алгарытмы выкарыстоўваюць адну і тую ж логіку, значыць, іх можна аб'яднаць. Менавіта так і атрымалася скласці новую табліцу з выгляду ідэнтычную табліцы Мендзялеева.
У яе ўвайшлі алгарытмы, якія ўмеюць распазнаваць карцінкі, аб'ядноўваць падобныя аб'екты, скарачаць аб'ём звестак, знаходзіць сувязі паміж рознымі пунктамі і рабіць прагнозы. Яны ўсе аказаліся звязаныя адно з адным праз I-Con. Навукоўцы зразумелі, што гэтыя метады можна размясціць паводле тыпу і ўласцівасцяў, як хімічныя элементы. Так і з'явілася табліца ШІ.
Некаторыя алгарытмы працуюць як «блізкія сваякі» – у іх амаль аднолькавыя спосабы працы. Іншыя – як рэдкія элементы, якія складана аднесці да якога-небудзь класу. Ёсць і пустыя клеткі – гэта будучыя алгарытмы, якіх пакуль не існуе ці сувязі якіх з I-Con яшчэ не вывучаныя. Навукоўцы ўпэўненыя, што з часам іх таксама ўдасца ўпісаць у гэтую сістэму.
Галоўная ідэя заключаецца ў тым, каб спрасціць разуменне таго, як уладкаваны штучны інтэлект. Табліца дапаможа не толькі выбіраць прыдатныя метады для задачаў, але і ствараць новыя, камбінуючы ўжо існыя. Гэта як канструктар, дзе можна сабраць нешта карыснае, калі ведаеш, якія дэталі падыходзяць адна да адной. У будучыні падыход можа спрасціць навучанне мадэляў, зрабіць іх працу больш празрыстай.
Пакуль табліца цікавая ў першую чаргу даследнікам, але ў доўгатэрміновай перспектыве яна можа моцна паўплываць і на тое, як ствараюцца тэхналогіі вакол нас – ад разумных камер да галасавых памочнікаў – і стаць абавязковай для вывучэння ў школах. Бо чым лепш мы разумеем, як працуе ШІ, тым больш можам стварыць навінаў з яго дапамогай.