Эстонія паставіла на месца спевака-лукашыста
- 10.05.2025, 12:12
Адказ «дайшоў» праз раку.
9 траўня ў расейскім Івангорадзе адбыўся мітынг-канцэрт «Берагі перамогі», на якім, у тым ліку выступіў беларускі гурт «Сябры». Выступленне было добра відаць і чуваць у суседняй Эстоніі. Пра гэта сведчыць запіс канцэрта, даступны на прапагандысцкім You-Tube канале ЛенТВ24.
Расейскі Івангорад і эстонская Нарва размешчаныя на розных берагах ракі Нарвы. Па апошняй праходзіць дзяржаўная мяжа паміж краінамі. Адлегласць паміж гарадамі — крыху больш за 100 метраў.
З 2023 года расейцы сталі ладзіць да 9 траўня канцэрты, якія трансляваліся і на Эстонію. Сёлета ў Івангорадзе зноў усталявалі сцэну і два вялікія экраны, звернутыя ў бок Эстоніі. Праз невялікую адлегласць канцэрт цудоўна бачны і чутны ў Нарве. Пры гэтым Расея прапагандуе свае каштоўнасці: вядоўцы былі з георгіеўскімі стужкамі, якія з'яўляюцца сімвалам расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне.
Падчас мітынгу-канцэрта лідар гурта «Сябры» Анатоль Ярмоленка выканаў песню «Белавежская пушча», а таксама кампазіцыі ваенных гадоў. Акрамя «Сяброў» на сцэну ў Івангорадзе выйшлі расейскія выканаўцы Таццяна Буланава, Сасо Паўліяшвілі, а таксама гурт «Фабрыка».
Дарэчы, у Нарве адказалі на канцэрт. Раніцай 9 траўня на сцяне Нарўскага замка трэці год запар вывесілі плакат з выявай Уладзіміра Пуціна і Адольфа Гітлера і надпісам «Putler. War criminal» (Путлер. Ваенны злачынец).
Ансамбль «Сябры», папулярны ў савецкі час, мае даўнія традыцыі ўсхвалення беларускіх уладаў. Яшчэ ў 2006-м Анатоль Ярмоленка выканаў песню пад назвай «Слухай бацьку». Затым ён ператварыўся ў заўсёдніка праўладных канцэртаў, падтрымаў у 2022-м расейскую агрэсію і зараз выконвае песню Ганны Сялук, нявесткі Аляксандра Лукашэнкі.