BE RU EN

«За сем гадоў практыкі такое бачу ўпершыню»

  • 10.05.2025, 17:28

Беларусу выдалі вельмі нетыповую польскую візу.

На днях адна з менскіх кампаній, якая дапамагае з афармленнем шэнгена, апублікавала на сваёй старонцы ў Threads польскую працоўную візу, якую выдалі беларусу ці беларусцы. Дазвол выявіўся нетыповым і рэдкім, піша «Зеркало».

«Гэта двухразовая нацыянальная віза тэрмінам на 365 дзён», - адзначае візавая экспертка Анастасія Лысакоўская. З яе слоў, за сем гадоў практыкі, такую пастанову яна сустракае ўпершыню.

На гэты момант допіс з фота незвычайнай візы выдалены, але здымак ужо разышоўся па сацсетках. Настасся кажа, што такую візу сапраўды выдалі і яе актыўна абмяркоўваюць сярод экспертаў. Што ў ёй нетыповага?

- Звычайна нацыянальную (чытай, рабочую) візу Польшчы даюць на 365 дзён са шматразовым уездам. Тэрміны знаходжання маглі скараціць праз заканчэнне дзеяння пашпарта, напрыклад. На сваёй практыцы сустракала выпадкі, калі візу давалі на 180 дзён ці 320, але яна ўсё адно была шматразовай, гэта значыць, без абмежавання колькасці ўездаў, - тлумачыць Настасся. - Тут жа мы бачым, што ўладальнік мае права за год заехаць у Шэнгенскую зону толькі двойчы, далей віза будзе ліквідаваная.

Настасся кажа, калі такія візы пачнуць выдаваць часцей, то першыя, у каго могуць узнікнуць цяжкасці, — гэта кіроўцы. Бо іх праца звязаная са сталым перасячэннем межаў. У параўнанні са шматразовым дазволам на ўезд, двухразовы мае свае мінусы, адзначае экспертка.

- Напрыклад, па ім ужо не паездзіш развязваць пытанні ў Беларусь або ў камандзіроўкі на Кіпр. Прыехаўшы ў Польшчу, уладальніку такой візы трэба працаўладкавацца, запусціць працэс легалізацыі і чакаць «карту побыту» (ДНЖ. - Заўвага рэд.). Толькі атрымаўшы яе, чалавек зможа быць больш свабодным у сваіх перамяшчэннях, - распавядае суразмоўніца.

Чаму такія візы сталі выдаваць?

— Я і калегі, з якімі маю стасункі, пакуль упершыню бачылі візу такога ўзору. Ці стануць яны масавымі, не ведаем, - разважае экспертка. - Чаму іх могуць пачаць выдаваць? Магчыма, гэта звязанае з палітыкай узмацнення выдачы эміграцыйных віз. Як мне падаецца, для ўраду Польшчы тут ёсць свае плюсы. З дапамогай такіх пастаноў яны скарачаюць магчымасці нямэтавага выкарыстання такіх віз. Людзі больш не змогуць катацца з імі «на закупы» ці ў ролі турыстаў. Акрамя таго, такі дакумент матывуе іх уладальнікаў легалізавацца адразу па прыездзе ў Польшчу.

Апошнія навіны