Reuters: Паміж ЗША і Кітаем стартавалі перамовы аб мытах
- 10.05.2025, 18:16
Яны з'яўляюцца першым крокам да спынення гандлёвай вайны.
У Жэневе ў суботу, 10 траўня, пачаліся перамовы паміж віцэ-прэм'ерам Дзяржаўнай рады КНР Хэ Ліфэнам і міністрам фінансаў ЗША Скотам Бесэнтам. Як піша Reuters, яны з'яўляюцца першым папярэднім крокам да спынення гандлёвай вайны паміж гэтымі краінамі.
Адзначаецца, што Бесэнт і Хе сустрэліся ў Жэневе на фоне напружанасці, выкліканай ростам мытаў на імпарт тавараў далёка за межы 100% паміж гэтымі двума найбуйнейшымі эканомікамі.
Месца правядзення перамоў не было абнародавана, аднак, паведамляе агенцтва, сведкі бачылі, як абедзве дэлегацыі вярталіся ў рэзідэнцыю швейцарскага амбасадара ў ААН у зялёным прыгарадзе Калонні пасля абедзеннага перапынку. Іх сустрэча доўжылася блізу дзвюх гадзін. Ад каментароў удзельнікі перамоў адмовіліся.
Між тым эканамічныя аналітыкі не чакаюць вялікага прарыву ў гэтых перамовах праз высокі ўзровень недаверу бакоў адзін да аднаго. Аднак міністр эканомікі Швейцарыі Гі Пармелін, які сустрэўся з абодвума бакамі ў Жэневе, заявіў, што сам факт правядзення перамоў ужо з'яўляецца поспехам.
"Калі ўдасца распрацаваць дарожную мапу, і яны наважаць прадоўжыць перамовы, гэта знізіць напружанасць", - сказаў ён, дадаўшы, што перамовы могуць прадоўжыцца да нядзелі або нават панядзелка.
Таксама старшыня Сусветнай гандлёвай арганізацыі Нгозі Аконджа-Івеала вітала перамовы "як пазітыўны і канструктыўны крок да дээскалацыі", заклікаўшы да ўстойлівага дыялогу паміж дзвюма вядучымі эканомікамі.
Выданне нагадала, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напярэдадні заявіў, што 80% мыт на кітайскія тавары "здаецца правільнай", упершыню прапанаваўшы альтэрнатыву 145% мытаў, якія ён увёў на кітайскі імпарт.