Беларусы паказалі наступствы травеньскага граду
- 11.05.2025, 12:03
Сіноптыкі расказалі, колькі яшчэ засталося да пацяплення.
Апошнім часам беларусам усё часцей хочацца, каб прагнозы сіноптыкаў не апраўдваліся – ніхто б, мабыць, нават не захацеў з гэтай нагоды абурацца. Але, на жаль, усе гэтыя начныя замаразкі, халодныя вятры і нават снежныя крупы з дробным градам, якія вось ужо які тыдзень перавандроўваюць з аднаго прагнозу надвор'я ў іншы, неўнікнёна спраўджваюцца. Даведаліся, як доўга яшчэ беларусам давядзецца трываць гэтае травеньскае бязладдзе і ці вызваліцца ўвогуле Беларусь з палону арктычных паветраных масаў з прыпаляр'я ў гэтым траўні.
У суботу, 10 траўня, некаторыя беларусы сталі сведкамі чарговай травеньскай анамаліі надвор'я – граду, які абрынуўся на асобныя раёны Менскай вобласці. Кадрамі са сваіх прысядзібных надзелаў, багата прысыпаных дробнымі лядзянымі крупамі, падзяліліся ў TikTok інтэрнэт-карыстальнікі з Барысаўскага і Лагойскага раёнаў. Аўтараў аднаго з ролікаў непагадзь заспела за рулём.
Адзначым, што сіноптыкі Белгідрамета папярэджвалі пра рызыку такога развіцця падзей – праз патэнцыйна небяспечныя навальніцы на 10 траўня па ўсёй Беларусі абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі надвор'я. Менавіта падчас навальніцаў з магутных кучава-дажджавых аблокаў можа выпадаць град. Паводле прагнозаў Белгідрамета, небяспека такіх навальніцаў захоўваецца да 21-й 10 траўня па ўсёй краіне.
Акрамя таго, на нядзелю, 11 траўня, сіноптыкі прадоўжылі штармавое папярэджанне праз патэнцыйна небяспечныя замаразкі. Паводле іх звестак, на большай частцы тэрыторыі краіны ў наступную ноч тэмпература паветра можа апускацца да -5°С.
Доўгатэрміновыя прагнозы спецыялістаў, заснаваныя на глабальнай сістэме колькаснага прагназавання надвор'я GFS, таксама пакуль што беларусаў нічым не парадуюць. Як паведамілі эксперты профільнага Telegram-канала аб надвор'і @nadvorie, «больш-менш цёплае надвор'е» ў Беларусі арыентавальна можа ўсталявацца толькі з 25 траўня, гэта значыць толькі праз 2 тыдні. Спецыялісты растлумачылі, што да гэтага часу тэрыторыю Беларусі, нарэшце, пакіне «вышынная лагчына», праз якую мы трапілі ў зону пахаладання, і на нас «пераарыентуецца вышынны грэбень».
«У гэтым выпадку да нас перастане паступаць холад з прыпалярных абласцей і задзьме вецер з поўдня Еўропы. А пакуль цярпіце», – заявілі аўтары канала.