NV: Білецкі фармуе Трэці корпус, які стане лабараторыяй зменаў ва УСУ
- 11.05.2025, 13:10
Гэта значна паўплывае на сітуацыю на фронце.
Трэці вайсковы корпус, якім камандуе Андрэй Білецкі, стане лабараторыяй зменаў. Ён стварыў «Азоў» і Трэцюю штурмавую брыгаду, іх найлепшы досвед будзе ўвасоблены ў корпусе.
Пра гэта піша NV у першым матэрыяле праекту «камкоры».
«Білецкі – лідар новага тыпу. Ён не частка класічнай вайсковай іерархіі, не кар'ерны вайсковец, які рухаўся па прыступках сістэмы. Гэта лідарства грамадскага тыпу: з каранямі ў добраахвотніцкім руху, з ідэалагічным стрыжнем і асабістай адказнасцю перад байцамі», – запэўнівае ваенны журналіст і галоўны рэдактар Цензор.НЕТ Юры Бутусаў.
Для Білецкага шлях на вайну пачаўся з СІЗА, дзе яго ўтрымліваў рэжым Януковіча. У першыя дні пасля вызвалення ён стварыў партызанскі атрад «Чорны корпус» для абароны Харкава ад расейскіх дыверсантаў. Адтуль бярэ пачатак гісторыя «Азова», з якім Білецкі камандаваў вызваленнем Марыюпаля, Мар'інкі, Шырокіна.
У 2022 годзе ён далучыўся да рызыкоўнай аперацыі, спланаванай ГУВ, УСУ і ветэранамі «Азова» – спробе прарыву ў Марыюпаль. Стварыў Трэцюю штурмавую брыгаду, якая налічвае блізу 10 тыс. байцоў і афіцэраў. Яна дэманструе ўстойлівасць у доўгіх баях, умела адаптуецца да сучасных пагрозаў, у прыватнасці дронаў, стала арганізацыйным шаблонам для корпуснай мадэлі УСУ.
Пры яе стварэнні Білецкі скарыстаў свае нязменныя прынцыпы: дакладнае кіраванне, акцэнт на падрыхтоўцы, тэхналогіі і карпаратыўны дух. У працы з асабовым складам для яго важныя каманднасць, ініцыятыўнасць, самаразвіццё і «рабі як я». У ягоным падраздзяленні адчувальны акцэнт на людзей.
«Мы не проста падраздзяленне, мы амаль сямейная арганізацыя. Гэта стварае ўласны стыль, уласную этыку і нават візуальную ідэнтычнасць», – растлумачыў NV былы камбрыг.
Эфектыўнасць гэтага падыходу відаць з вынікаў. Амерыканскі ваенны аналітык Роб Лі адзначыў выключныя паказнікі Трэцяй штурмавой у барацьбе з дронамі: да прыкладу, за апошнія шэсць месяцаў яна знішчыла больш за 220 расейскіх БПЛА, сярод якіх 40 Zala і 29 Supercam. Гэта, на думку эксперта, дэманструе глыбокую інтэграцыю супрацьдронных сродкаў у баявыя падраздзяленні – узровень, які рэдка дасягаецца нават у наймацнейшых войсках свету.
Трэці корпус фармуецца на базе Трэцяй штурмавой, аднак сама брыгада прадоўжыць існаванне ў ягоным складзе. Але пасля фармавання кіравання корпусу да яе далучаць іншыя падраздзяленні. Білецкі падкрэслівае: ягоны корпус – не проста новая структура, а лабараторыя змеаў.
«Галоўнае цяпер скончыць фармаванне кіравання і корпусных камплектаў: беспілотнікі, выведка, медыкі, лагістыка. Гэта тыя элементы, якія робяць корпус па-сапраўднаму дзеяздольным», – тлумачыць камкор.
У сваю чаргу Бутусаў тлумачыць, як толькі бюракратычныя працэсы будуць закончаныя, корпус зможа ў поўнай ступені разгарнуць свае сілы на Купянска-Ліманскім кірунку і стабілізаваць фронт. Ён упэўнены, што гэта значна паўплывае на ход баявых дзеянняў: «Вораг панясе вялікія страты, і наступствы будуць адчувальныя вельмі хутка».