BE RU EN

Герасімава хочуць зняць з пасады?

  • 11.05.2025, 14:58

Украінскія партызаны даведаліся дэталі пра перастаноўкі ў Генштабе РФ.

Кіраўнік Генштаба УС РФ Валерый Герасімаў праходзіць ваенна-ўрачэбную экспертызу. Пры гэтым у «вярхах» акупантаў ужо абмяркоўваюць кандыдатаў на ягонае месца.

Пра гэта паведамляе Telegram-канал партызанскага руху «АТЕШ».

Так, крыніцы «АТЕШ» з расейскай групоўкі войскаў «Днепр» паведамляюць, што кіраўнік Генеральнага штаба УС РФ Валерый Герасімаў праходзіць ваенна-ўрачэбную экспертызу ў Маскве.

«Пакуль гэта на ўзроўні чутак, але інфармацыя паступіла ад некалькіх розных крыніцаў. Герасімаў – галоўны стратэг уварвання ва Украіну, нязменны кіраўнік Генштаба УС РФ і асабісты сябар Пуціна. Фармальна ВУЭ – стандартная працэдура. Але калі яе праходзіць ключавая фігура расейскай вайсковай машыны – гэта ўжо сур'ёзны сігнал», – мяркуюць партызаны

Яны не выключаюць, што ў вярхах камандавання рыхтуюцца сур'ёзныя перастаноўкі ці сістэма шукае спосаб «мякка спісаць» тых, хто праваліў наступ.

«У афіцэрскай курылцы штаба групоўкі “Дняпро” абмяркоўваюць двух магчымых кандыдатаў на пасаду кіраўніка Генштаба – камандзіра ВДВ генерала Цяплінскага і камандзіра Цэнтральнай ваеннай акругі генерала Мардвічава», – кажуць у «АТЕШ».

Пры гэтым партызаны не бяруцца сцвярджаць з поўнай упэўненасцю, наколькі гэта заснавана на рэальных інсайдах.

«Магчыма, гэта і проста размовы ў курылцы, але людзі з такім узроўнем допуску рэдка балбочуць без нагоды», – рэзюмуюць у партызанскім руху.

Што вядома пра Герасімава

Валерый Герасімаў – кіраўнік Генштаба Узброеных сілаў РФ, першы намеснік міністра абароны РФ з 9 лістапада 2012 года.

У студзені 2023 года Герасімава прызначылі камандзірам акупацыйных войскаў ва Украіне замест Сяргея Суравікіна для таго, каб уладзіць беспарадак у расейскім войску.

Яшчэ тады ў брытанскай выведцы звярталі ўвагу на тое, што Герасімаў звальняе здольных генералаў РФ, выбудоўваючы іерархію пад сябе.

Апошнія навіны