BE RU EN

У Беларусі таксістаў хочуць абавязаць агучваць кошт перад пачаткам паездкі

  • 11.05.2025, 17:41

Падрабязнасці.

Беларускіх таксістаў маюць намер абавязаць перад пачаткам паездкі агучыць пасажыру яе кошт. Гэта зробіць чалавека больш абароненым ад неапраўдана высокіх тарыфаў, распавёў у эфіры дзяржтэлеканала «Першы інфармацыйны» начальнік управы аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Ментранса Андрэй Гладкі.

Грамадскае абмеркаванне змен правіл аўтаперавозак пасажыраў прайшло з 26 красавіка да 5 траўня.

Абвяшчэнне кошту паездкі перад яе пачаткам чыноўнік Ментранса назваў асноўнай прапанаванай зменай. Ён адзначыў, што было «шмат рэзанансных выпадкаў», калі таксіст вёз пасажыраў на невялікую адлегласць, а потым выстаўляў рахунак на вялікую суму.

«Для таго, каб пазбегнуць у далейшым такіх фактаў, выпадкаў мы прапануем такую норму. Прапануем, каб кіроўца да пачатку паездкі агучваў прыблізны кошт», - распавёў Гладкі.

З яго слоў, новаўвядзенне прывядзе да таго, што пасажыр будзе абаронены і будзе адразу разумець - ці падыходзіць яму прапанаваны тарыф. Чыноўнік сказаў, што падчас грамадскага абмеркавання (паступіла 36 паведамленняў) «у прынцыпе гэтая норма была падтрыманая ўсімі».

Гладкі дадаў, што гэты праект пастановы Саўміна будзе дапрацоўвацца, яму трэба прайсці паўторнае ўзгадненне з дзяржорганамі, у розных асацыяцыях, радзе па развіццю прадпрымальніцтва.

Нагадаем, дакументам таксама прапануецца да 1 студзеня 2028 года абсталяваць відэаназіраннем увесь пасажырскі аўтамабільны транспарт, які здзяйсняе рэйсы ўнутры краіны.

З 1 студзеня 2027-га хочуць увесці неабходнасць абсталявання рамянямі бяспекі (двухкропкавымі або трохкропкавымі) месц для сядзення ў аўтобусах.

Таксама прапануецца ўдакладніць спіс выпадкаў, пры якіх пасажыр мае права адмовіцца ад аплаты паездкі ў аўтамабілі-таксоўцы.

Яшчэ прапануецца ўвесці змены патрабаванняў да кіроўцаў па наяўнасці стажу і адсутнасці прыцягнення да адказнасці аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Апошнія навіны