Макрон паказаў, як тэлефанаваў Трампу з Кіева а шостай раніцы паводле Вашынгтону
- 11.05.2025, 18:48
Відэа.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паказаў нарэзку кадраў «з-за куліс» супольнай паездкі еўрапейскіх лідараў у Кіеў, сярод іншага - як ён раніцай тэлефанаваў Дональду Трампу.
Відэаролік апублікаваны на старонцы Макрона ў Facebook.
У пачатку відэа можна ўбачыць, як выглядае VIP-вагон «Укрзалізніцы», у якім лідары накіроўваліся ў Кіеў. На гэтых кадрах Макрон пытаецца, ці прыбывае цягнік а 8 гадзіне. Высвятляецца, што паводле французскага часу гэта 7 раніцы.
«Трэба запэўніць Зяленскага, сказаўшы яму: калі ён прапануе ўзаемадзейнічаць - ты ўзаемадзейнічаеш. Але калі замірэння не будзе выконвацца, тады будуць санкцыі. Гэта будзе добры баланс. І мы прыцягваем амерыканцаў», – тлумачыць Макрон на кадрах з дарогі па чыгунцы і прыбыцці на вакзал.
Далей (перабіваючы гэта іншымі кадрамі візіту) паказваюць, як Макрон арганізаваў званок з Трампам падчас размовы еўрапейскіх лідараў і Зяленскага ў Марыінскім палацы.
«Прывітанне, Дональд. Можна цябе набраць праз 2 хвіліны разам з Зяленскім?.. Тады я ператэлефаную праз дзве хвіліны з усімі астатнімі», – кажа Макрон.
«Скажыце ім, што з Трампам дамовіліся. Можна тэлефанаваць яму зараз. У яго 6 раніцы», - паведамляе ён пасля гэтага.
«Мы зараз пастанавілі падтрымаць спыненне агню, якое пачнецца з панядзелка і працягнецца 30 дзён, каб пачаць будаваць справядлівы і працяглы мір. А ў выпадку парушэння замірэння еўрапейцы і амерыканцы падрыхтуюць і скаардынуюць маштабныя санкцыі», - паведамляецца закадравым тэкстам аб дамоўленасці еўрапейскіх лідараў і Зяленскага ў Кіеве.
Таксама ў відэа Макрон адзначае, што «лёс міру і свабоды ў Еўропе зараз вызначаецца ў Кіеве».