У Беларусі ўвядуць падатак на бяздзетнасць?
- 12.05.2025, 17:10
Адказалі ў Мінпрацы.
Намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава адказала на пытанне Telegraf.news, ці плануюць увесці падатак на бяздзетнасць у Беларусі, як гэта было ў СССР.
«Гэта пытанне педантычнае. Напэўна, варта адказаць шчыра і проста - такіх планаў у дзяржавы няма. Мы шукаем іншыя больш гнуткія рычагі, стымулы для павышэння нараджальнасці. Гэта фінансавыя стымулы, якія дапамогуць своечасова ўзяць шлюб і адпаведна ствараць моцныя сем'і і нараджаць у іх дзетак», - адзначыла намесніца міністра.
З яе слоў, дзяржаву непакоіць адкладзены час уступлення ў шлюб і пазнейшая першая цяжарнасць і наступныя.
«Калі мы раней сумяшчалі і нараджэнне першага дзіцяці, і вучобу ва ўніверсітэце, і наступную занятасць, то цяпер у трэндзе ў моладзі - навучанне і кар'ера», - сказала Берднікава.