Пад Менскам хочуць пабудаваць «прэстыжную» вёску
- 12.05.2025, 22:23
Пад забудову аддадуць сельгаспалі.
Каля МКАД-2 плануюць узвесці пасёлак з катэджамі і таўнхаўсамі. Ён будзе размяшчацца недалёка ад вёскі Мар'яліва, за 10 км ад Менска, піша Realt.
Пад забудову могуць адвесці блізу 8 га былых сельскагаспадарчых угоддзяў.
З трох бакоў пасёлак будзе межаваць з ворнымі землямі, у суседстве з паўднёвага боку – сядзібная забудова.
У планах узвесці 33 аднакватэрныя жылыя дамы і 5 таўнхаўсаў на 32 кватэры. Таксама там з'явіцца неабходная інжынерна-транспартная інфраструктура.
Плошча кожнага катэджа складзе блізу 200 м2, кватэры ў таўнхаўсах – прыкладна на 140 м2.
Дамы, што будуць стаяць асобна, займеюць уласныя прысядзібныя надзелы 10-11 сотак, каля таўнхаўсаў прадугледжаныя толькі невялікія індывідуальныя зялёныя зоны. Таксама на тэрыторыі квартала з'явяцца дзіцячыя і спартовыя пляцоўкі, зоны адпачынку і паркоўкі.
Пра тое, каму будзе прапанаванае жыллё ў прэстыжнай вёсцы пад Менскам, пакуль не гаворыцца.
Праект вынясуць на грамадскае абмеркаванне. З 14 да 28 траўня будуць прымаць заўвагі і прапановы. Азнаёміцца з архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй забудовы ў электронным выглядзе можна на сайце Менскага райвыканкама.