Стала вядома, калі адчыняць Чырвоны касцёл у Менску
- 12.05.2025, 20:04
Вернікам давядзецца пачакаць.
Выданне Katolik.life даведалася падрабязнасці рэканструкцыі Чырвонага касцёла ў Менску і высветліла, што падчас мінулай, калі храм не зачынялі, у ім ужо мянялі ўсе інжынерныя сеткі і камунікацыі. Але ўсё роўна паводле самых аптымістычных сцэнараў чакаць адкрыцця давядзецца як мінімум паўтара года.
Прайшло два месяцы з таго часу, як афіцыйна было заяўлена пра хуткі пачатак будаўнічых працаў у зачыненым ужо больш за два з паловай гады Чырвоным касцёле (святога Сымона і святой Алены) у Менску. Некаторыя СМІ нават паведамлялі, што рамонт пачнецца ў сакавіку. Але да гэтага часу сітуацыя ніяк не змянілася – у храме па-ранейшаму не вядуцца ніякія працы.
Пробашч парафіі ў апошнія тыдні падчас нядзельных абвестак не закранаў гэтую тэму і нічога не паведамляў пра якія-небудзь зрухі.
Але Katolik.life знайшоў дакументацыю, паводле якой у храме сапраўды пройдуць маштабныя працы. Яны закончацца не раней за 2027 год. Толькі пасля гэтага можна чакаць адкрыцця касцёла.
Дырэктар дзяржпрадпрыемства «Менская спадчына» заяўляў 14 сакавіка, што рамонтна-аднаўленчыя працы ў будынку храма пачнуцца пасля вывазу прыходам сваёй маёмасці.
У парафіі прынялі гэтыя ўмовы і забралі амаль усе рэчы з касцёла (нават крамы, усю бібліятэку і грувасткія спавядальні, некаторыя давялося ламаць). Вываз маёмасці закончыўся яшчэ да канца сакавіка.
Было заяўлена, што новы комплекс рамонтна-аднаўленчых працаў уключае «замену і рамонт унутраных і знешніх інжынерных сетак». Хоць на сайце «Менскпрамбуда», які ў 2017–2019 гадах на заказ «Менскай спадчыны» праводзіў першую маштабную рэканструкцыю Чырвонага касцёла (дарэчы, храм тады не зачынялі), указана, што на тым этапе ўжо была праведзеная замена «ўсіх інжынерных сетак, унутраных і знешніх камунікацый».
Што канкрэтна збіраюцца рабіць цяпер, стала вядома з дакументацыі абвешчанага тэндару на выбар генпадрадніка. Гэта ўжо другі тэндар, тэрмін якога заканчваецца 15 траўня, а першы быў прызнаны несапраўдным. Заяўку ў той раз падала толькі адна арганізацыя – той самы «Менскпрамбуд».
Звяртае на сябе ўвагу, што ў дзяржзакупцы аб'ект не называюць касцёлам, а «будынкамі № 13, № 15 на вуліцы Савецкай» (сам храм і плябанія, дом святара).
Праект прадугледжвае, сярод іншага, рамонт даху, устаноўку шклянога навеса, знешніх інжынерных сетак, аконных праёмаў, супрацьпажарных перагародак, пакрыцця падлогі, комплекс сантэхнічных і электрамантажных працаў, мерапрыемствы для стварэння безбар'ернага асяроддзя, новае маналітнае перакрыцце.
Што да электраправодкі, то «праектам прадугледжаная абарона раздымнымі кажухамі існых кабельных ліній». Таксама плануецца рамонт сістэмаў ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі.
З мясцовага бюджэту Менска на новую рэканструкцыю павінна быць выдаткавана амаль 10 мільёнаў рублёў. Тэрмін працы – 20 месяцаў. Яна павінна пачацца ў чэрвені 2025 года і закончыцца ў снежні 2026 года, а здача аб'екта ў эксплуатацыю запланаваная на студзень 2027 года.