BE RU EN

Дэфіцыт кадраў у Расеі паставіў новы рэкорд

  • 12.05.2025, 20:11

Расейскім кампаніям не стае 2,6 млн супрацоўнікаў.

Расейскім кампаніям не стае 2,6 млн супрацоўнікаў, пішуць «Известия» са спасылкай на даклад Вышэйшай школы эканомікі. Такі дэфіцыт быў зафіксаваны паводле вынікаў 2024 года. Паказнік вырас на 17 адсоткаў і стаў рэкордным. Фактычна на кожнага дзейнага супрацоўніка прыходзіўся адзін патрабаваны.

Найбольшы кадравы голад назіраецца ў апрацоўчай галіне – 391 тыс. чалавек, у гандлі – 347 тыс. і на транспарце – 219 тыс. Тут спашукальнікам гатовыя плаціць больш за 100 тыс. рублёў – у 1,5 разы вышэй за сярэдняе ў Расеі.

Аўтары даследавання звязваюць рост колькасці вакансій у працоўных спецыяльнасцях са скарачэннем плыні працоўных мігрантаў, крахам рубля і ўплывам «шэрагу эканамічных шокаў». Пры гэтым сярод кваліфікаваных спецыялістаў найбольш запатрабаванымі з'яўляюцца інжынеры, навукоўцы, педагогі і лекары.

Сярэднямесячны намінальны налічаны заробак у 2024 годзе павялічыўся на 20% – да 88 тыс. рублёў. Гэта рэкордны гадавы прырост пры афіцыйнай інфляцыі 9,5%. Эканамічная актыўнасць насельніцтва таксама паказала максімум: занятасць сярод расейцаў старэйшых за 15 гадоў склала 61%. Узровень беспрацоўя пры гэтым пачаў расці ўпершыню з 2023 года, павялічыўшыся з 2,3% у снежні да 2,4% у студзені.

Найбольшы прырост попыту на працоўныя рукі назіраецца ў прамысловасці, адзначае навуковы супрацоўнік цэнтра стратэгічных даследаванняў эканамічнага факультэта РУДН Сяргей Зайнулін. Паводле ягоных словаў, гэта тлумачыцца сыходам шэрагу заходніх кампаній з Расеі пасля пачатку вайны ва Украіне, санкцыямі і імпартазамяшчэннем. Яшчэ адзін лідар у прыросце попыту – гандаль, дадае эксперт.

Праблема дэфіцыту кадраў у Расеі абвастрылася пасля ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. У першы год баявых дзеянняў на фронт былі накіраваныя 300 тыс. працаздольных мужчынаў, а ў наступныя два – яшчэ 740 тыс. Апроч гэтага, ад 650 тыс. да 1,1 млн расейцаў уцяклі ад мабілізацыі і вайны. Тым часам санкцыі, якія ўдарылі па эканоміцы, справакавалі падзенне рубля. Гэта, а таксама ўзмацненне жорсткасці міграцыйнага заканадаўства пасля тэракту ў «Крокус сіці холе», прывяло да адтоку грамадзянаў краінаў Цэнтральнай Азіі. Акрамя таго, фокус спашукальнікаў зрушыўся на больш прыбытковыя і простыя галіны – напрыклад, службу дастаўкі і таксі, а таксама абаронныя заводы, заробкі на якіх вышэйшыя, чым на цывільных прадпрыемствах.

Пры гэтым уладам ніяк не ўдаецца выправіць дэмаграфічную сітуацыю, якую ў Крамлі называлі «катастрафічнай». Паводле вынікаў 2024 года натуральнае змяншэнне насельніцтва, гэта значыць розніца паміж колькасцю памерлых і народжаных, павялічылася больш як на 20% і дасягнула 596,2 тыс. чалавек. Расстат прагназуе, што кожны год насельніцтва краіны будзе скарачацца на 0,5 млн чалавек.

Апошнія навіны