Малгажата Гасеўска: Адзіны шлях - жорсткая пазіцыя ў дачыненні да Лукашэнкі
- 13.05.2025, 14:03
Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю заклікае Захад дзейнічаць.
Як дамагчыся вызвалення беларускіх палітвязняў? Ці пагражаюць Еўразвязу пакістанскія мігранты, якіх хоча прывезці ў Беларусь Лукашэнка? Што агульнага паміж антыкамуністычным супрацівам у Польшчы і барацьбой беларусаў за свабоду?
Пра гэта ў інтэрв'ю для сайта Charter97.org расказала кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю, еўрадэпутатка ад Польшчы Малгажата Гасеўска.
- Кожны дзень дзясяткі нелегальных мігрантаў спрабуюць перасекчы мяжу Польшчы праз Беларусь. Як вы ацэньваеце сітуацыю?
- Дадам, што гэтыя спробы носяць гвалтоўны, вельмі брутальны характар. Нелегальныя мігранты рэгулярна кідаюць небяспечныя прадметы праз мяжу або наўпрост нападаюць на супрацоўнікаў памежнай службы, што стварае рэальную пагрозу іх здароўю і жыццю. У выніку гэтых дзеянняў многія супрацоўнікі атрымалі раненні. На жаль, гэтыя інцыдэнты таксама мелі трагічныя наступствы - сяржант Матэуш Сітэк атрымаў смяротнае нажавое раненне ад аднаго з нападнікаў. Таму супрацоўнікі памежнай службы штодня зазнаюць велізарную небяспеку. Мяжа Еўрапейскага звязу павінна старанна кантралявацца і ахоўвацца.
14 красавіка прэм'ер-міністр Пакістана наведаў Менск, сустрэўся з Лукашэнкам і ўклаў пагадненні з вельмі небяспечнымі наступствамі, уключаючы адкрыццё авіязлучэння паміж Менскам і Ісламабадам, што відавочна сведчыць аб тым, што нам трэба будзе мець справу з новымі хвалямі нелегальных мігрантаў. Больш за тое, Лукашэнка заявіў, што не будзе перашкаджаць магчымаму ўезду ў Беларусь 100-150 тысяч «спецыялістаў, лекараў, інжынераў» і іх сем'яў. Гэта пагроза Польшчы, Літве, Латвіі і ўсяму Еўрапейскаму Звязу.
Трэба казаць пра гэта гучна, весці маніторынг мяжы і гарантаваць бяспеку. Неабходна таксама падкрэсліваць, што гэта дзеянні рэжыму Лукашэнкі, а не Беларусі. Беларусь для мяне - гэта дэмакратычная Беларусь, якая змагаецца, якая спрабуе супрацьстаяць гвалту дыктатара.
Памятаю рэпартажы з першай хвалі міграцыі, апісанні таго, што адбывалася ў самім Менску і на шляху да мяжы. Гэтыя хвалі міграцыі негатыўна ўплываюць на бяспеку і ўзровень жыцця людзей у Беларусі, сапраўдных беларусаў.
- Трансфер мігрантаў - гэта велізарная лагістычная аперацыя: на працягу многіх гадоў дзясяткі людзей прыбываюць у Беларусь з такіх краін, як Пакістан і Самалі, пераадольваючы тысячы кіламетраў, з канчатковай мэтай нелегальнага перасячэння мяжу Польшчы.
- Варта падкрэсліць, што Пакістан такім чынам пазбаўляецца ад праблем, таму што не адпраўляе сваіх адукаваных, найлепшых грамадзян, а адпраўляе прадстаўнікоў праблемных з пункту гледжання бяспекі слаёў грамадства. Я не ведаю, якія яшчэ дадатковыя інтарэсы за гэтым хаваюцца, колькі на гэтай практыцы зарабляе Лукашэнка, але ключавым момантам з'яўляецца ўздзеянне на ўнутраную дэстабілізацыю ў памежных краінах.
Мы вельмі выразна разумелі гэтыя злыя намеры ў перыяд кіравання партыі “Права і справядлівасць", калі ўвялі заслон на мяжы з Беларуссю. У той час, апазіцыя ставіць пад сумнеў нашы пастановы і просіць, каб клапаціліся пра лёс гэтых “бедных мігрантаў”, якія напраўду былі злачынцамі, якія жорстка атакавалі нашу мяжу, спрабуючы прабрацца на другі бок.
Гэта не ўцекачы, якія шукаюць бяспекі. У большасці сваёй гэта маладыя мужчыны, якія прыязджаюць сюды з пэўнай мэтай, а менавіта — дэстабілізаваць унутраную абстаноўку ў нашых краінах, навязаць свае парадкі, сваю рэлігію, свае законы. Дэстабілізаваць, пасварыць, абвастрыць супярэчнасці — гэта адвечная палітыка Расеі, незалежна ад таго, хто Расеяй кіруе і ў якой сістэме яна функцыянуе. Згоды Польшчы на гэта быць не можа.
- У Беларусі ёсць асцярогі, што магчымая вялікая колькасць мігрантаў можа паўплываць на структуру ўсяго грамадства.
- Гэтыя людзі, верагодна, не застануцца ў Беларусі. Яны зробяць усё, каб перайсці мяжу, каб знайсці слабыя месцы. Пытанне ў тым, што адбудзецца, калі гэтая мяжа сапраўды будзе ахоўвацца належным чынам, і агрэсары будуць рашуча адкінутыя ад мяжы. У такім выпадку наплыў мігрантаў можа стаць унутранай праблемай для самой Беларусі.
- У выпадку ўкладання міру паміж Украінай і Расеяй, як можна абмежаваць далейшыя апетыты Крамля?
- Апетыты Крамля можна ўтаймаваць толькі з пазіцыі сілы. Таму што толькі такі дыялог з разуменнем успрымаецца Расеяй. Чым скончацца гэтыя мірныя перамовы? Якім будзе магчымае пагадненне? Мы гэтага не ведаем. На гэты момант гэта ўсяго толькі здагадкі. Мы спрабуем нешта прачытаць з інфармацыі, якая перадаецца праз сацыяльныя сеткі, але гэта, пакуль, усяго толькі розныя папярэднія дэкларацыі.
Не буду хаваць, мяне занепакоіла заява прэзідэнта Трампа ў кантэксце Данбаса і, перш за ўсё, у кантэксце Крыма. На працягу многіх гадоў я падтрымліваю крымскіх татараў і іх барацьбу за вяртанне на радзіму. Я падтрымліваю тых, хто знаходзіцца ў зняволенні, таму што яны адчуваюць сябе крымскімі татарамі і хочуць, каб Крым быў часткай Украіны. Мы, палякі, выдатна ведаем, што такое дэпартацыі, чаго гэта каштуе. Яны перажылі гэта ў 1944 годзе. Прыйшоў час, калі яны змаглі вярнуцца, аднавіць свае дамы, пачаць жыць на сваёй зямлі. Нагадваю, што ў іх няма іншай Радзімы, ім няма куды пераязджаць.
Цяпер заява Дональда Трампа аб афіцыйнай згодзе на анэксію Крыма Расеяй выклікае непакой. Спадзяюся, што гэта толькі адзін з многіх твітаў, які не ператворыцца ў канкрэтнае дзеянне, бо гэта было б відавочным парушэннем міжнароднага права, і сігнал Расеі, што яна можа працягваць дзейнічаць такім чынам: акупаваць больш тэрыторый і прасоўвацца далей. Менавіта так дэ-факта і адбылося ў выпадку з Грузіяй, з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Вядома, міжнародная супольнасць прызнае гэтыя тэрыторыі за Грузіяй, але фактычна з 2008 года гэтыя тэрыторыі акупаваныя.
Прызнанне Данбаса і Крыма за Расеяй будзе дадатковым пацвярджэннем таго, што такія дзеянні Расейскай Федэрацыі прымаюцца міжнароднай супольнасцю. Гэта першае - парушэнне міжнароднага права ў кантэксце захопленых тэрыторый. Другое - гэта маральнае пытанне, пытанне адказнасці за ваенныя злачынствы, за якія, Уладзімір Пуцін і ягоныя паплечнікі павінны быць адданыя пад суд і асуджаныя.
Я не магу сабе ўявіць, каб злачынствы, учыненыя супраць украінскага народа, супраць украінскіх дзяцей і жанчын, маглі застацца беспакаранымі. Я не згодна з гэтым і зраблю ўсё, каб міжнародная супольнасць не пагадзілася на падобныя дзеянні.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе павінен актывізаваць сваю дзейнасць, злачынцы павінны быць пакараныя, як і злачынцы ў Беларусі. Гэта вялікая задача для нас - папоўніць санкцыйны спіс асобамі, датычнымі да пераследу апазіцыі і катаванняў палітвязняў. Мы збіраем гэтыя імёны і перададзім іх у адпаведныя ўстановы, каб гэтыя людзі не адчувалі сябе беспакаранымі, пачынаючы з шараговых супрацоўнікаў турмаў і папраўчых калоній, да пракурораў, суддзяў і іншых асоб, якія маюць дачыненне да гэтай дзейнасці.
— У сваім выступе ў Еўрапарламенце вы казалі пра беларускіх палітвязняў: Вікторыі Кульшу, Вольгу Маёраву, Алену Гнаўк. Чаму гэта важна?
- У сваёй апошняй прамове я засяродзілася на жанчынах. Я вельмі ўражаная размовай, якая адбылася ў мяне з Палінай Шарэндай-Панасюк пасля яе вызвалення. Гэта была цяжкая размова: мне было цяжка задаваць пытанні, а Паліне было вельмі цяжка расказваць пра тое, што яна перажыла ў зняволенні, турме, папраўчай калоніі і адзіночным зняволенні за нібыта правіны, учыненыя падчас адбыцця пакарання. Яна надае вялікую ўвагу барацьбе за правы людзей, якія застаюцца ў гэтых папраўчых калоніях і турмах.
Паліна шмат казала пра Вікторыю Кульшу, ейную барацьбу, спробы самагубства і знаходжанне ў адзіночнай камеры. Я хацела б нагадаць вам пра абвешчаную ёю бестэрміновую галадоўку. Раней Вікторыя ўжо праводзіла галадоўкі, якія моцна знясілілі яе арганізм, але гэтая апошняя галадоўка цяпер бестэрміновая, гэта яе апошняя барацьба за правы чалавека, за сваё жыццё, за жыцці яе сукамерніц, за Беларусь. Барацьба, якая, калі яе не ўдасца перамагчы, можа скончыцца толькі смерцю.
Нельга маўчаць, неабходна рашуча патрабаваць вызвалення зняволеных, называць іх імёны, прозвішчы, казаць пра іх барацьбу, пра іх лёс, тым самым крануць міжнародную супольнасць, сфармаваць вялікую салідарнасць за дэмакратычную Беларусь, і акрамя таго —зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі, таму што гэта адзіны шлях да нармалізацыі, да вызвалення зняволеных.
- Вы думаеце, што санкцыі - адзіны спосаб вызваліць палітвязняў?
- Адзіны шлях - жорсткая, рашучая пазіцыя ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Я сама часам задавалася гэтым пытаннем, таму што ёсць людзі, якія кажуць, што трэба весці перамовы з рэжымам, касаваць санкцыі ў абмен на вызваленне асобных людзей. Больш за тое, мы чуем ад дэпутатаў Еўрапейскага парламента галасы аб неабходнасці пачаць перамовы і прызначыць цану за зняволенага і плаціць Лукашэнку за кожнага вызваленага чалавека. Але ж, не!
Таму што трэба здабываць урокі з гісторыі, а гісторыя такая, што перамовы з Лукашэнкам ужо праводзіліся шмат разоў. Ўяўнае пацяпленне ў дачыненнях было дасягнутае ўжо не раз. Лукашэнка вызваляў зняволеных, але толькі дзеля таго, каб праз імгненне запоўніць турмы зноў — гэта ні да чаго не прывядзе. Яму гэта выгадна. Лукашэнка паляпшае свой імідж, але гэта не мяняе сітуацыю ў Беларусі і становішча жыхароў Беларусі.
Таму трэба заняць жорсткую пазіцыю, якая, вядома, ніяк не касуе дадатковыя перамовы, дадатковыя ўмовы і пэўныя саступкі ў абмен на барацьбу за людзей, вызваленне іх з турмаў, але агулам жорсткую пазіцыю і санкцыі: персанальныя і супраць кампаній, таксама і супраць заходніх кампаній, якія працягваюць ціха весці бізнэс на тэрыторыі Беларусі.
Гэты вышэйзгаданы аргумент падымаўся падчас перамоў з дэпутатамі ў кантэксце інтарэсаў Аўстрыі (тэлекамунікацыйная галіна з аўстрыйскім капіталам у Беларусі) са згадваннем таго, што «гэта працоўныя месцы для беларусаў». Так, працоўныя месцы, але перш за ўсё гэта проста прыбытак, які гэтыя кампаніі, гэтыя краіны зарабляюць на сітуацыі ў Беларусі. З гэтым нельга пагадзіцца, і мы павінны змагацца за рашучую пазіцыю ў дачыненні да такіх паводзін.
- Бачу, у вас у кабінеце вісіць фотаздымак Анджэя Пачобута.
- Анджэй мне асабліва блізкі, я яго ведаю асабіста. Ён мой сябар. Анджэй не раз дапамагаў мне ў розных патрыятычных мерапрыемствах у Беларусі: для польскай дыяспары і Польшчы. Анджэй - прыклад чалавека, які змагаўся за праўду, нягледзячы на наступствы. Мог бы з'ехаць, мог бы без праблем пакінуць Беларусь - быў бы вольны, жывы, здаровы, мог бы нармальна функцыянаваць. Ён свядома адмовіўся ад гэтай магчымасці, каб сваёй пазіцыяй паказаць, як трэба змагацца за самыя важныя каштоўнасці. Мы павінны змагацца за палітвязняў у Беларусі, змагацца з розумам і не страчваць самага галоўнага — не забываць пра каштоўнасці.
- Цяпер сітуацыя ў Беларусі нагадвае перыяд ваеннага становішча ў Польшчы. Ці можаце вы даць якія-небудзь парады беларусам, як гэта перажыць?
- Упарта працягваць барацьбу, нават калі гэтая барацьба адбываецца ўнутры, а супраціў вонкава непрыкметны. Галоўнае - у галаве і ў сэрцы. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтая мужнасць і стойкасць змогуць праявіцца па-за, і тады ўсе павінны быць гатовыя да гэтага: стаць плячом да пляча, перамагчы рэжым і вярнуць Беларусь для свабоднага, дэмакратычнага свету. Я з таго пакалення - у юнацтве я перажыла ваеннае становішча, і мне не ставала гэтага вонкавага супраціву. Я тады думала, што ўвядзенне ваеннага становішча скончыцца адкрытым канфліктам, што мы выйдзем на вуліцы і будзем змагацца з рэжымам Ярузельскага. Здарылася не так, але крок за крокам, усведамленне людзьмі, што такое свабода і што такое рабства, і ўстойлівае адчуванне таго, што мы свабодныя людзі, мы падвялі да таго моманту, калі мы жывём у свабоднай Польшчы. Гэтага я зычу і Беларусі.