«Якое шчасце, што гэтае шаленства мае свой канец!»
- 13.05.2025, 15:38
Меркаванне мянчанкі аб штогадовым вайсковым парадзе ў цэнтры Менска.
Кожны год на 9 траўня Менск ператвараецца ў зону падвышанага дыскамфорту. Абмежаванні руху, грукат цяжкай вайсковай тэхнікі, перакрытыя вуліцы і сапсаваны настрой — усё гэта суправаджае так званы «лукашысцкі парад». Мянчанка падзялілася ў сваім лісце ў рэдакцыю сайта Charter97.org эмоцыямі з гэтай нагоды:
- Як жа даняло гэтае абмежаванне руху! Я працую на праспекце Машэрава - акурат там, дзе ладзіцца лукашысцкі парад. Да працоўнага месца не пад’ехаць, працаваць праз бясконцы грукат немагчыма (а ўсё адно трэба). Сапраўднае пекла!
Паблізу жыве і мая сяброўка Яніна. Неяк дамовіліся мы з ёй гарбаткі ўвечары папіць. Я сабралася, адклаўшы свае справы. У прадчуванні сяброўскіх пасядушак выйшла з дому ў добрым гуморы. І тут Яніна тэлефануе: вячоркі касуюцца, бо праспект перацялі, да яе не даехаць!
Ну вось з якімі пачуццямі менчукі могуць успрымаць гэты парад!? Месяц невыгод, грукату, смуроду, скасаваных маршрутаў грамадскага транспарту. А пасля праезду гэтай тэхнікі – папсутае дарожнае палатно. Сэрцы менчукоў проста «перапаўняююца любоўю» да гэтых усіх шабасаў.
Я веру што наш, беларускі, Парад Перамогі – над лукашызмам – некалі адбудзецца. Мы яго чакаем і набліжаем, як можам.