BE RU EN

Жыхар Лунінецкага раёна злавіў «залатую рыбку»

  • 14.05.2025, 10:54

Цяпер павінен аддаць больш за 2,5 тысячы рублёў.

Рыбак з аграгарадка Вулька Лунінецкага раёна злавіў «залатую рыбку». Цяпер ён павінен аддаць больш за 2,5 тысячы згодна з адным з артыкулаў КК Беларусі.

Як сцвярджаюць ва УУС Берасцейскага аблвыканкама, 33 — гадовы жыхар Лунінецкага раёна - рыбак са стажам, «мужчына выдатна разумеў і ведаў усе тонкасці рыбацкай справы, а таксама правілы, тэрміны і нюансы дазволенай здабычы рыбы». Але на лоўлю ўсё роўна адправіўся з сеткамі, а не вудай.

Рыбак вылавіў 20 рыб (якіх менавіта, не ўдакладнілі) і атрымаў крыміналку паводле ч.3 арт. 281 КК, бо мужчына раней «неаднаразова прыцягваўся за аналагічныя правапарушэнні». Шкоду навакольнаму асяроддзю ацанілі на суму звыш 2,5 тыс. рублёў.

Нагадаем, з 20 сакавіка да 18 траўня ў Берасцейскай вобласці (для кожнага рэгіёна — свае тэрміны) дзейнічаюць нераставыя абмежаванні на аматарскае рыбалоўства. Згодна з правіламі аматарскага рыбалоўства і правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, ва ўстаноўленыя даты для кожнай вобласці дазволена рыбаліць толькі адной вудай з выкарыстаннем аднаго кручка або адным спінінгам з адной штучнай прынадай (не больш за два адзінарных, падвойных або патройных гаплікаў). Гэта значыць. Лоўля сеткамі пад забаронай.

Апошнія навіны