Лукашэнкаўскія сілавікі хочуць навучаць паліцэйскіх з ААЭ
- 14.05.2025, 12:36
Прапануюць навучыць ахове «вышэйшых службовых асоб і асабліва важных сведак».
Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў сустрэўся з начальнікам паліцыі Дубая (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) Абдулай Халіфай Аль Мары — абмеркавалі навучанне эмірацкіх паліцэйскіх у нашай краіне, паведаміла прэс-служба МУС.
У Дубаі 13-15 траўня праходзіць Сусветны паліцэйскі саміт, на ім Кубракоў і сустрэўся з Аль Мары. Абмеркавалі «магчымасці паглыблення ўзаемадзеяння паміж краінамі ў праваахоўнай сферы».
«Адзін з асноўных кірункаў супрацоўніцтва - навучанне ў Беларусі эмірацкіх паліцэйскіх. Гатовыя да пашырэння, у тым ліку ў такіх кірунках, як гарантаванне бяспекі вышэйшых службовых асоб і асабліва важных сведак, ахова грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў, а таксама ў буйных гандлёвых цэнтрах», — сказаў Кубракоў.
Стораны дамовіліся, што найбліжэйшым часам абмяняюцца дэлегацыямі «ў практычных кірунках узаемадзеяння». Кіраўнік МУС падарыў дубайскаму шэфу паліцыі кнігу з відамі Беларусі «для таго, каб падрыхтавацца і выбраць, якія месцы вы хочаце наведаць».
У сацсетках дубайскай паліцыі пра сустрэчу з Кубраковым пакуль не паведамлялася.