СЗВ Украіны: Крэмль склікае тэрміновую нараду
- 14.05.2025, 15:23
Расея набліжаецца да самага сур'ёзнага энэргетычнага выкліку з часоў распаду СССР.
Расейская эканоміка сутыкаецца з новым выклікам на фоне падзення сусветных коштаў нафты, санкцый і ўдараў па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Крэмль тэрмінова склікае нараду праз значнае скарачэнне ўнутраных перавозак паліва, што пагражае дэфіцытам на рынку, напрыклад, у крытычны перыяд вясновай пасяўной. Пра гэта паведамляе Служба замежнай выведкі Украіны ў сераду, 14 траўня.
Прычынамі энэргетычнага крызісу сталі зніжэнне рэнтабельнасці нафтаперапрацоўчых заводаў, рост тарыфаў на транспартаванне, павышэнне акцызаў і скарачэнне дзяржаўных субсідый.
Так, 1 студзеня 2025 года тарыфы на перапампоўванне нафты выраслі амаль на 10%, што ўдарыла па прыбытковасці ўнутранага рынку.
У далейшым кошты бензіну і дызеля імкліва выраслі праз павышэнне акцызаў, а вытворцы арыентуюцца на экспарт або скарачаюць аб'ёмы.
Выведка адзначае, што дэмпферныя выплаты за першыя чатыры месяцы года скараціліся ў 2,5 разы - з $1,9 млрд да $780 млн.
Таксама ўскладнілася лагістыка: недахоп рухомага саставу і зніжэнне прыярытэту транспартавання нафты чыгуначным транспартам ствараюць крытычную нагрузку.
У выніку шэраг НПЗ ужо зніжае загрузку, а далейшае паглыбленне крызісу можа прывесці да іх масавага закрыцця.
СЗВУ папярэджвае: Расея набліжаецца да самага сур'ёзнага энергетычнага выкліку з часоў распаду СССР. Крызісныя працэсы ў энэргетычнай галіне ў спалучэнні з санкцыямі, стратай рынкаў і ваеннымі выдаткамі могуць разбурыць галоўную апору расейскай эканомікі - нафтагазавы сектар.