Зяленскі рэзка адрэагаваў на адмову Пуціна ад асабістых перамоў у Стамбуле
- 15.05.2025, 8:11
Захад пераканаў прэзідэнта Украіны змяніць пастанову.
Сёння, 15 траўня, у Стамбуле павінны адбыцца перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацый. З боку Расеі на сустрэчы не будуць прысутнічаць ні прэзідэнт краіны, ні міністр замежных спраў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, назіраючы за развіццём падзей вакол будучых перамоў, хацеў цалкам адмовіцца ад удзелу ў іх, паведамляе The Washington Post.
Крыніца выдання сцвярджае, што Зяленскі нібыта не толькі не хацеў удзельнічаць у перамовах асабіста, але і не збіраўся адпраўляць туды сваіх прадстаўнікоў, лічачы гэтую паездку бессэнсоўнай.
Аднак прадстаўнікі як ЗША, так і Еўрапейскага Звязу заклікалі прэзідэнта Украіны накіраваць у Стамбул прадстаўнічую дэлегацыю ў складзе міністра замежных спраў і кіраўніка Офіса прэзідэнта.
Са звестак крыніцы, спецпрадстаўнік ЗША Стыў Уіткоф асабіста пераканаў Зяленскага ў тым, што прамыя перамовы з Расеяй выгадныя ўсім бакам. Калі на перамовы прыбудзе толькі ўкраінская дэлегацыя, Вашынгтон нібыта гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Расеі. Калі ж на сустрэчы будуць і прадстаўнікі РФ, гэта можа наблізіць спыненне агню.
Адзін з украінскіх чыноўнікаў прызнаўся, што Зяленскі ўсё яшчэ настойвае на асабістай сустрэчы з Пуціным, каб абмеркаваць магчымасць спынення агню наўпрост.
Сёння прэзідэнт Украіны таксама правядзе сустрэчу з турэцкім калегам у Анкары. Аднак Зяленскі першапачаткова даў зразумець, што гатовы вылецець у Стамбул, калі туды прыбудзе і Пуцін.
Позна ўвечары ўчора стаў вядомы склад расейскай дэлегацыі, а Дональд Трамп заявіў, што ў Турцыю сапраўды не паедзе.