BE RU EN

Памежнікі Польшчы: Людзі ў беларускай форме дапамагалі мігрантам незаконна перасекчы мяжу

  • 15.05.2025, 9:27

Апублікаванае відэа.

Польскія памежнікі зафіксавалі прысутнасць людзей у беларускай форме сярод групы, якая спрабавала незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. З іх словах, гэтыя асобы спрыялі замежнікам у спробе парушыць мяжу.

Інцыдэнт адбыўся раніцай 14 траўня 2025 года ў зоне адказнасці памежнай заставы ў Чарэмшы, паведамляюць польскія памежнікі. Невялікая група асоб спрабавала незаконна прайсці праз мяжу, выкарыстоўваючы для гэтага шліфавальную машынку, каб разбурыць агароджу, а таксама драбіны. Сярод замежнікаў, якія знаходзіліся з беларускага боку, памежнікі заўважылі дзвюх асоб у вайсковай форме, якія, як сцвярджаецца, дапамагалі мігрантам.

Трое з гэтай групы змаглі пераадолець агароджу і патрапілі на тэрыторыю Польшчы. Астатнія вярнуліся назад у Беларусь.

Польскія сілавікі затрымалі аднаго з мігрантаў на мяжы, яшчэ двух - праз кароткі час. Затрыманыя - грамадзяне Афганістана і Пакістана. Ім ужо выдадзены пастановы аб выездзе з Польшчы.

Польскі бок падкрэслівае, што беларуская тэрыторыя каля мяжы - зона, даступная толькі для беларускіх спецслужбаў. Тым не менш, менавіта яны, як сцвярджаюць польскія ўлады, арганізоўваюць і падтрымліваюць спробы нелегальнага пранікнення мігрантаў у Польшчу: паказваюць ім слабыя ўчасткі мяжы, збіраюць групы замежнікаў, транспартуюць іх і забяспечваюць інструментамі для прарыву. Пры гэтым, паводле слоў польскага боку, мігранты не маюць намеру шукаць абароны ў Польшчы, а імкнуцца як мага хутчэй трапіць у краіны Заходняй Еўропы.

Апошнія навіны