«Мой пашпарт перамог у памежную латарэю»
- 15.05.2025, 17:51
Мужчына расказаў, што яму ўчынілі мытнікі на ўездзе ў Беларусь.
Мужчына ехаў з Літвы ў Беларусь на асабістым аўтамабілі на нямецкіх нумарах. Беларускія мытнікі працавалі настолькі марудна, што ён не вытрымаў і пасварыўся з імі.
Пасля гэтага яму зрабілі поўны дагляд, а праз пару гадзін выдалі дакументы з памылкамі. Яму давялося вяртацца і перарабляць іх.
Як піша BGmedia, сваёй гісторыяй мужчына падзяліўся ў адным з прымежных чатаў у панядзелак, 5 траўня. Ці беларус ён, дакладна невядома. Ён перасякаў мяжу Літвы і Беларусі праз памежны пераход "Меднікі — Каменны Лог" на сваім аўтамабілі на нямецкіх нумарах.
У чаце мужчына расказаў пра гэта ў некалькіх паведамленнях:
«ЛТ - РБ, дзве гадзіны прастаялі з 14.30. Перад шлагбакмам былі 23-я, толькі заехалі за. Буду інфармаваць, як далей будзе развівацца сітуацыя.
Гадзіна перад літоўскімі памежнікамі, так і не заехалі нават, падумваем вярнуцца ў Вільню, хвост тырчыць з аўто у Літве ў бок РБ. Сёння свята проста нейкае. Калі тут ужо тры гадзіны, то ў РБ з перазменкамі думаю, гадзін 5–6 [прастаім].
Прайшлі мытню ЛТ, стаім перад пашпартным кантролем, перад намі 12 аўтамабіляў. Разам ужо 3 гадзіны і 40 хвілін…
І так, працягну. Прыехалі да беларусаў, мой пашпарт перамог у памежнай латарэі, відаць. Пашпарт забралі і сказалі: "забераце пасля мытнага афармлення, ён будзе там!". Змена, якая павінна была змяніцца праз паўтары гадзіны, вельмі не хацела займацца надглядам майго аўтамабіля, як і рэнтгенам [аўтамабіля].
У выніку пасля скандалу са старэйшай [работніцай] мытнай групы мной сталі займацца. Даглядзелі ўсё, толькі што ў с..у не залезлі. Потым рэнтген… яшчэ паўтары гадзіны, змена змянілася, мне выдалі дакументы і часовы ўвоз [аўтамабіля, паколькі ён на замежных нумарах]. Добра [што] я праверыў, напісалі да 05.05.2025 [менавіта ў гэты дзень мужчына перасякаў мяжу].
Прыйшлося вяртацца і выпраўляць! Машына на нямецкіх нумарах і абсалютна пустая, хачу заўважыць! Што ім там здалося, не ведаю. Езджу 20 гадоў, а тут такое... Уезд у РБ а 22.20. Разам на ўсе 8 гадзін. Без каментароў…».