BE RU EN

Брытанія, Францыя і Нямеччына назвалі непрымальнымі патрабаванні Пуціна на перамовах у Стамбуле

  • 16.05.2025, 22:07

Лідары гэтых краін падтрымалі пазіцыю Зяленскага.

Лідары Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і Польшчы падтрымалі пазіцыю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які назваў «непрымальнымі» патрабаванні Масквы на перамовах у Стамбуле. Такую заяву ў пятніцу падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Албаніі зрабіў прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер, паведамляе Reuters.

«Пазіцыя Расеі відавочна непрымальная, і гэта не ў першы раз», – заявіў Стармер пасля сустрэчы ў Тыране з Зяленскім, у якой таксама бралі ўдзел прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц і прэм'ер Польшчы Дональд Туск.

Ён таксама адзначыў, што пасля абмеркавання вынікаў стамбульскіх перамоў, падчас якіх расейская дэлегацыя запатрабавала ў Кіева аддаць Маскве чатыры вобласці Украіны, еўрапейскія хаўруснікі стэлефанаваліся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. «Такім чынам, у выніку гэтай сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім і абмеркавання з прэзідэнтам Трампам мы цяпер цесна ўзгадняем і каардынуем нашы адказы і будзем працягваць гэта рабіць», – сказаў Стармер.

Сустрэча ў Стамбуле, якая стала першай за больш чым тры гады наўпроставай спробай урэгуляваць канфлікт, пасля гэтага патрабаванні Расеі скончыліся, працягнуўшыся менш за дзве гадзіны, паведамілі крыніцы Reuters. Акрамя гэтага пункта, прадстаўнікі расейскай дэлегацыі, паводле звестак The Economist, прыстрашылі працягам вайны і захопам яшчэ двух украінскіх рэгіёнаў - Харкаўскай і Сумскай абласцей.

Кіраўнік перамоўнай групы Уладзімір Мядзінскі заявіў украінцам, што Расея гатовая ваяваць вечна. «Мы не хочам вайны, але мы гатовыя ваяваць год, два, тры - столькі, колькі спатрэбіцца. Мы ваявалі са Швэцыяй 21 год», - сказаў Мядзінскі, са слоў крыніцы выдання.

Зяленскі пасля сустрэчы сказаў, што Масква дэ-факта адмовілася ад замірэння. Ён заклікаў узмацніць жорсткасць антырасейскіх санкцый і захоўваць ціск на яе, пакуль Уладзімір Пуцін не будзе гатовы скончыць вайну.

Аднак перамовы прынеслі пэўныя вынікі. Мядзінскі і кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў паведамілі аб дасягненні дамоўленасці аб абмене ваеннапалоннымі па формуле «1000 на 1000», найбуйнейшым за гады вайны. Ён павінен адбыцца ў «найбліжэйшыя дні».

Са слоў Мядзінскага, Масква і Кіеў дамовіліся, што кожны бок прадставіць сваё бачанне будучага замірэння, зафіксаваўшы прапановы пісьмова і ў дэталях. Ён таксама адзначыў, што было дасягнута прынцыповае пагадненне аб прадаўжэнні перамоў. Гэтую інфармацыю пацвердзілі Умераў і кіраўнік МЗС Турцыі Хакан Фідан.

Апошнія навіны