ЕЗ ужыве да Расеі чатыры рэжымы санкцый адначасова
- 16.05.2025, 19:43
Акрамя 17-га пакета абвешчана ўжо і аб 18-м.
Еўрапейскі Звяз рыхтуе «самае маштабнае ў гісторыі» адначасовае выкарыстанне некалькіх рэжымаў санкцый супраць Расеі, аб якім будзе абвешчана 20 траўня на пасяджэнні Рады ЕЗ у замежных справах. Пра гэта паведаміла высокапастаўленая чыноўніца Еўразвяза на брыфінгу ў Брусэлі ў пятніцу, 16 траўня, паведамляе DW.
Міністры замежных спраў зацвердзяць абмежавальныя захады ў дачыненні да РФ у межах чатырох санкцыйных рэжымаў: за вайну ва Украіне, за парушэнні правоў чалавека, за гібрыдную вайну і за выкарыстанне хімічнай зброі.
Усяго будзе прынята больш за 130 асобных санкцый, у тым ліку супраць расейскага вайскова-прамысловага комплексу, «ценявога флоту» і яго суўдзельнікаў, пастаўшчыкоў Расеі санкцыйных тавараў з трэціх краін, а таксама распаўсюджвальнікаў прапаганды і дэзінфармацыі.
Чатыры рэжымы санкцый
У рамках 17-га пакета санкцый за расейскую агрэсію Расеі ва Украіне ў санкцыйныя спісы будуць унесеныя 75 новых юрыдычных і фізічных асоб, а таксама 200 суднаў «ценявога флоту». Такім чынам колькасць асоб у гэтым санкцыйным спісе ЕЗ перавысіць 2500, а суднаў - 300, паведаміла чыноўніца.
У рамках санкцыйнага рэжыму ЕЗ за гібрыдную дзейнасць будуць уведзеныя сектаральныя захады, а таксама індывідуальныя санкцыі супраць 27 фізічных і юрыдычных асоб у РФ.
У рамках глабальнага санкцыйнага рэжыму Еўразвязу за парушэнні правоў чалавека ў санкцыйныя спісы будуць унесеныя яшчэ 28 фізічных і юрыдычных асоб з Расеі.
Акрамя таго, чыноўніца ЕЗ паведаміла аб планаваным выкарыстанні супраць Расеі санкцый за выкарыстанне хімічнай зброі. З яе слоў, размова ідзе аб хімічных сродках падаўлення масавых беспарадкаў, якія ўжываюцца расейскім бокам у якасці сродку вядзення вайны ва Украіне.
18-ы пакет санкцый
У той жа дзень, 16 траўня, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што Еўразвяз ужо рыхтуе новыя маштабныя санкцыі ў дачыненні да Расеі. Гэтыя захады яшчэ не адобраныя Радай ЕЗ і іх абмеркаванне толькі плануецца, таму падрабязнасці аб тэрмінах і аб'ёме новых санкцый пакуль невядомыя.
Са слоў фон дэр Ляен, якая выступіла ў Тыране на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, новы пакет санкцый будзе ўключаць абмежавальныя захады ў дачыненні да газаправодаў «Паўночны струмень» і «Паўночны струмень - 2», дапаўненне чорнага спісу суднаў расейскага «ценявога флоту» новымі найменнямі. Зніжэнне столі коштаў нафты, а таксама дадатковыя санкцыі супраць фінансавага сектара Расейскай федэрацыі.
«Мы павінны ўзмацняць ціск на прэзідэнта Пуціна да таго часу, пакуль ён не будзе гатовы да міру», - заявіла кіраўніца Еўракамісіі.