Макрон: Расея адмовай ад перамір'я хоча атрымаць выгоду ў часе
- 16.05.2025, 20:25
Захад падрыхтуе адказ.
Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не хоча перамір'я з Украінай. Такім чынам ён спрабуе атрымаць выгоду ў часе.
Пра гэта прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон напісаў у сацсетцы X.
Макрон нагадаў, што разам з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мерцам, прэм'ерам Польшчы Дональдам Тускам і прэм'ерам Брытаніі Кірам Стармерам правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
«Прэзідэнт Пуцін чарговы раз не адказаў на прапанову аб безумоўным спыненні агню, зробленую амерыканцамі і падтрыманую Украінай і еўрапейцамі. Адмаўляючыся ад спынення агню і дыялогу з Украінай, Расея паказвае, што яна не хоча міру і імкнецца атрымаць выгоду ў часе, прадаўжаючы вайну», – падкрэсліў французскі лідар.
Макрон запэўніў, што ён і іншыя еўрапейскія лідары будуць каардынаваць свае дзеянні з ЗША і «кааліцыяй ахвотных», каб «вызначыць узгоднены адказ».