BE RU EN

У ДТЗ у Польшчы загінуў адзін з найбагацейшых людзей Нарвегіі

  • 2.05.2025, 18:41

Суўладальнік кампаніі па развядзенні і перапрацоўцы ласося на Jaguar рэзнуўся ў дрэва.

Адзін з найбагацейшых нарвежцаў, суўладальнік рыбапрамысловай кампаніі Nova Sea Хокан Вігнер Ліндал Олайсэн загінуў у ДТЗ у Польшчы, паведамляе мясцовы партал RMF 24.

Аварыя адбылася ў Мазавецкім ваяводстве на ўсходзе Польшчы.

Дырэктар па камунікацыях і сувязях з грамадскасцю Nova Sea Даніэль Б'ярман Сімансан у каментары нарвежскаму NRK пацвярджае гібель Олайсэна.

«З глыбокім смуткам паведамляем, што суўладальнік Nova Sea Хокан Вігнер Ліндал Олайсэн загінуў у аўтамабільнай аварыі ў Польшчы сёння раніцай. Нашы думкі з сям'ёй», — гаворыцца ў паведамленні.

NRK паведамляе, што ў аварыі загінулі двое, хто другая ахвяра, не ўдакладняецца.

Олайсэн нарадзіўся ў 1982 годзе ў сям'і Стэйнара Олайсэна, які дагэтуль ужо дзесяць гадоў займаўся развядзеннем і перапрацоўкай ласося. На аснове гэтага бізнэсу ў 1985 годзе і з'явілася кампанія Nova Sea, якая потым перайшла да дзяцей яе заснавальніка, які памёр у 2011 годзе, - Ліндалу, Айна і Марыі. У кампаніі больш за 30 рыбных ферм у Нарвегіі.

У 2024 годзе ў рэйтынгу 400 найбагацейшых людзей Нарвегіі паводле версіі выдання Kapital Ліндал Олайсэн займаў разам з сёстрамі 305-е месца.

У студзені гэтага года асноўным уладальнікам Nova Sea стаў канцэрн Mowi - зараз ён кантралюе 95% акцый кампаніі.

Апошнія навіны