Грамадзяне Тога патрапілі ў палон да УСУ
- 2.05.2025, 19:21
Іх падманам адправілі ваяваць за Расею.
Украінскія абаронцы ўзялі ў палон грамадзян Тога, якія ваявалі на баку Расеі. Сярод іх - маладыя хлопцы, якіх расейцы завабілі падманам.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Тога.
«Улады Тога нядаўна атрымалі паведамленні аб выпадках захопу і затрыманні грамадзян Тога Узброенымі сіламі Украіны. Гэта адбылося падчас іх удзелу ў ваенных дзеяннях на баку расейскіх узброеных сілаў у рамках цяперашняга канфлікту», - сказана ў паведамленні МЗС.
У ведамстве дадалі, што большасць з тых тогалезцаў, якія патрапілі ў палон, паехалі ў Расею па праграмах стыпендый, якія прапаноўвалі расейскія структуры.
Міністэрства заклікала грамадзян Тога, асабліва моладзь, якая плануе навучанне за мяжой, праяўляць максімальную пільнасць і старанна правяраць усе прапановы стыпендыяльных праграм - асабліва калі гаворка ідзе аб навучанні ў Расеі.
«Міністэрства актыўна супрацоўнічае з шэрагам дыпламатычных партнёраў, каб растлумачыць сітуацыю і, па магчымасці, надаць неабходную дапамогу пацярпелым», - дадалі ў ведамстве.