У Нідэрландах забіты фінансіст, які расказаў пра адмыванне грошай, арганізаванае ў Менску
- 2.05.2025, 21:46
У справе адмывання грошай фігураваў ахоўнік Лукашэнкі.
У прыгарадзе Гаагі забіты 41-гадовы турэцкі грамадзянін Джэміль Анал. Ён раней заяўляў, што ягонае жыццё знаходзіцца пад пагрозай праз наяўную ў яго інфармацыі пра хабар высокапастаўленым турэцкім палітыкам, піша выданне Follow the Money.
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pxhere.com
Паведамляецца, што Анал быў застрэлены ўвечары ў чацвер на тэрасе гатэля ў горадзе Райсвейк. Паліцыя Нідэрландаў пацвердзіла, што распачатае расследаванне забойства, аднак падазраваны пакуль не затрыманы.
Раней у інтэрв'ю СМІ Анал сцвярджаў, што ў яго ёсць доказы карупцыі сярод турэцкіх чыноўнікаў і што турэцкія ўлады дамагаліся ягонай экстрадыцыі ў сувязі з забойствам Халіла Фальялы ў 2022 годзе – уплывовага ўладальніка казіно і меркаванага крымінальнага аўтарытэту на Паўночным Кіпры. Мужчына абвінавачанне адмаўляў і заяўляў, што сапраўднай прычынай пераследу стала яго абазнанасць аб нелегальных грашовых плынях.
Сярод іншага ён паведаміў, што Халіль Фальялы разам з партнёрам Мустафой Шэнерам адкрылі H Casino ў Менску для адмывання грошай, піша Беларускі расследавальны цэнтр. У лютым 2025 года журналісты БРЦ змаглі пацвердзіць ключавыя пункты ягоных сведчанняў, уключаючы сувязь паміж турэцкім крыміналітэтам і ўладальнікамі H Casino, шматмільённы аб'ём глабальнай схемы сродкаў, якія адмываюцца, і знаёмства ўладальнікаў і дырэктара з беларускімі сілавікамі, у тым ліку з ахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі.
За некалькі дзён да сваёй смерці Анал звяртаўся да журналістаў і ўладаў, папярэджваючы, што баіцца за сваё жыццё.
Адвакат турка паведаміў, што пагрозы на ягоны адрас неаднаразова даводзіліся да ведама пракуратуры Нідэрландаў. Установа пацвердзіла, што знаходзілася ў кантакце з ахвярай, але заявіла, што на той момант «не мелася дастатковых падставаў для пачатку далейшых расследаванняў».