Яшчэ адзін няўдалы праект Лукашэнкі
- 20.05.2025, 13:00
Гарады-спадарожнікі пустуюць.
У траўні 2014 года Лукашэнка падпісаў указ аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Статус спадарожніка Менска тады атрымалі шэсць гарадоў. Яны павінны былі адцягнуць на сябе імклівы рост насельніцтва Менска. Атрымалася, мякка кажучы, не ўсё. Гэтай вясной з інспекцыяй чарговага мегапраекта Лукашэнкі паехала першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Наталля Пяткевіч, піша planbmedia.io.
Спадарожнікі буксуюць
Пяткевіч назвала аўтарам ідэі гарадоў-спадарожнікаў Лукашэнку і адзначыла, што ідэя «цудоўная і комплексная». А Смалявічы, куды яна заехала ў панядзелак, — амаль ідэальны горадам-спадарожнік.
«Перад гэтым мы наведалі Скідзель і Жабінку. Смалявічы - гэта амаль ідэальны прыклад. Напраўду дзесьці становіцца вельмі крыўдна, што развіваецца павольна. Дзесяць гадоў прайшло, і, калі б пачалі ранкей, ужо было б зусім па-іншаму. Але пачалі позна. Дзесьці ёсць аб'ектыўныя прычыны, дзесьці, на жаль, суб'ектыўныя. У адным з гарадоў прыводзілі прыклад, калі праектныя работы вядуцца на працягу практычна пяці гадоў. Гэта, вядома, ненармальна», - прызнала чыноўніца.
Сам Лукашэнка пачаў прасоўваць ідэю гадоў пятнаццаць таму. Але справа не клеілася. «Аднак з 2012 года справа не прасунулася далей за адзін здадзены дом у Смалявічах. Яна і не зрушыцца, калі Дзяржаўная праграма вынасу вытворчых аб'ектаў невыкананая, — наракаў ён у 2018-м. — А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў (напрыклад, «Беларускія шпалеры», абутковая фабрыка «Луч», Менскі завод ацяпляльнага абсталявання і іншыя) залучыў бы ў рэгіёны працоўную сілу».
Але мяняць прапіску прадпрыемствы не спяшаліся, праекты зацягваліся, а то і сабатаваліся. З прыкметных «пераносаў» можна адзначыць закрыццё аэрапорт Мінск-1, на месцы якога «Дана» будуе «Мінск-Мір», і птушкафабрыку імя Крупскай,( за пляцоўку браўся «Трайпл», але ў выніку жылы комплекс «Левада» тут пабудавала іншая кампаній — «Айран»).
Пакуль пуставата
Так што працоўных месцаў у гарадах-спадарожніках, нават ідэальных, было няшмат. На працу большасці трэба ездзіць у Менск. Але высветлілася, што хуткае і недарагое транспартнае злучэнне з гарадамі-спадарожнікамі развітае недастаткова. Прынамсі, чэргі на маршрутку на Смалявічы так і стаяць у Менску, каля метро «Усход».
«З чыгункай нічога новага: гарадская электрычка вельмі рэдкая плюс трэба перасаджвацца на мясцовы аўтобус, каб дабрацца да новабудоўляў — карацей, тут нязручна было і будзе», — адзначыў днямі блогер Дзяніс Блішч.
Праўда, мінулай восенню пра транспарт успомніў і Лукашэнка. І прапанаваў пабудаваць хуткасныя дарогі для цягнікоў у гарады-спадарожнікі Менска. Паводле ягоных ацэнак, гэта не зойме шмат часу, і не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. Чаму гэтага не ўдалося зрабіць за дзесяць гадоў рэалізацыі праграмы гарадоў-спадарожнікаў, Лукашэнка не ўдакладніў.
Сёння Пяткевіч прызнала, што нават Смалявічы растуць павольней, чым планавалася.
«Задача была прырасці да 50 тысяч чалавек, пакуль жа маем 23 тысячы. Ёсць намёкі прырасці да 27 тысяч, але задачу на 50 тысяч Смалявічы не выканалі», — сказала яна. 50 тысяч — гэта план да 2035 года. Пакуль, мяркуючы з фота блогераў, і дзяржаўных журналістаў, у горадзе зусім пуста.
Пры гэтым народ працягвае скардзіцца на дэфіцыт лекараў, настаўнікаў, трэнераў, гіпермаркетаў і іншых радасцяў жыцця. Пяткевіч, не ўдаючыся ў падрабязнасці, запэўніла, што з даступнасцю меддапамогі і кваліфікацыяй у Смалявічах усё вельмі добра. З астатнім, увогуле, - таксама. Выглядала чыноўніца выдатна, журналісты звярнулі ўвагу на ейную люксавую папружку Hermes.