BE RU EN

Бульбяная ганьба на дваіх

  • 28.05.2025, 10:53

Пуцін следам за Лукашэнкам даведаўся пра дэфіцыт бульбы.

Пуцін смяяўся з праблем з бульбай у Беларусі. Высветлілася, што ў той жа дзень ён даведаўся пра праблемы з бульбай у Расеі. Пра гэтыя праблемы кажуць ужо больш за паўгода - і яшчэ ў красавіку пісалі, што ў Расеі свая бульба скончылася, піша сайт тэлеканала «Белсат».

Пуцін смяяўся з праблемаў з бульбай у Беларусі. Аказалася, што ў той жа дзень ён даведаўся аб праблемах з бульбай у Расеі. Пра гэтыя праблемы кажуць ужо больш за паўгода – і яшчэ ў красавіку пісалі, што ў Расеі свая бульба скончылася.

Уладзімір Пуцін 26 траўня даведаўся ад намесніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Максіма Арэшкіна, што ў Беларусі «скончылася бульба». Відэа з нарады з бізнесоўцамі перадала «РИА Новости». Пуцін з усмешкаю казаў, што Расея можа закупіць бульбу ў Беларусі, бо «яны там вялікія спецыялісты ў бульбе». Арэшкін сказаў яму, што «бульба там скончылася», а Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду на гэтую тэму. Пуцін пасмяяўся: «Бульба ў Беларусі скончылася. Што гэта такое?»

Дзень пазней стала вядома, што на той жа нарадзе Пуцін прызнаваў праблемы з бульбай у самой Расеі. Таксама адзначаў праблемы з іншаю гароднінай і цукровымі буракамі.

Пуцін казаў, што дзень раней «сустракаўся з прадстаўнікамі розных кірункаў бізнесу, у тым ліку і аграсектару. Бульбы ж не стае ў нас, аказваецца». Пуцін дадаў, што размаўляў з Лукашэнкам і пачуў ад таго, што з Беларусі «ўсё прадалі ў Расею». Калі была гэтая размова, невядома.

Бульба ў Беларусі не скончылася, але стала «залатою»

Бульба ў Беларусі напраўду не скончылася, як кажа Пуцін, але «бульбяны крызіс» сапраўды назіраецца з пачатку вясны. Былі дні, калі бульба знікала з продажу. Затым вярнулася, але за цэны ў разы вышэйшыя, як год таму. У Варшаве і Вільні бульба стала таннейшая, як у Менску. Цяпер звычайная беларуская цана 1 кг мытай бульбы – больш за 4 рублі, а год таму яе прадавалі за менш як 2 рублі. І год таму нямытую можна было купіць за рубель, цяпер нямытую яшчэ трэба пашукаць.

І калі бульба з’явілася, знікла добрая цыбуля. Потым беларусы сталі звяртаць увагу на праблемы з капустай, яблыкамі ды іншаю садавіной і гароднінай, на шалёныя цэны на чарэшні і беларускія трускаўкі… Быў і гурковы, і памідорны калапс.

Прапаганда ў Беларусі абуралася: «Ім абы жэрці». Прадстаўнікі ўладаў скардзіліся спачатку на дастаўцаў гародніны са сховішчаў, потым на клімат. З кліматам сапраўды бяда, ды незалежныя эканамісты бачылі глыбіннаю прычынаю рэгуляванне цэнаў, што адбівала жаданне вырошчваць нерэнтабельныя культуры. Сярод прычынаў называлі таксама санкцыі, праз якія беларусы не могуць закупляць еўрапейскай насеннай бульбы, а беларуская не можа доўга ляжаць у сховішчах і прост гніе.

У Расеі не лепш

Бульба ў Расеі падаражала за 2024 год удвая, пісалі «Важные истории» ў снежні. І яшчэ ў верасні расейцаў засцерагалі, што ўзімку яны могуць застацца без бульбы, а ў лістападзе расейскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Патрушаў даручаў завозіць бульбу з «прыязных» краінаў.

Цэны ў Расеі не рэгулявалі – і яны ўзляцелі, як узляцелі ў Беларусі пасля «размарожвання». Рэгуляваць прапаноўвалі, калі было ўжо позна. У красавіку сярэдняя цана 1 кг бульбы ў Расеі, як падлічыла піцерская «Фонтанка», складала 76,12 расейскага рубля – каля 1 долара, або 2,81 беларускага рубля, а на Чукотцы даходзіла да амаль 200 расейскіх, або 7,3 беларускага. Гэта тлумачылі тым, што ў Расеі «свая бульба скончылася, а імпартная прыходзіць па завоблачных цэнах».

Расея істотна нарасціла пастаўкі бульбы з Кітаю, Егіпту і нават Пакістану – імаверна, шмат бульбы везлі і з Беларусі, дзе на той момант цэны яшчэ былі «замарожаныя». Але ў траўні, нягледзячы на рост імпарту бульбы, на цэны наракалі і ў Казані, і ў Якуціі. 23 траўня на ўвоз бульбы ў Расею павялічылі тарыфную палёгку, 27 траўня ў Калінінградскай вобласці ўвялі эмбарга на вываз бульбы.

Прычынамі гэтага называлі ланцужок падзеяў: перавытворчасць і як вынік нізкую цану на бульбу ў 2023-м, праз гэта і праз рост выдаткаў – меншыя пасевы бульбы на наступны год, яшчэ меншыя зборы ўраджаю праз клімат, адначасовую з гэтым пераарыентацыю егіпецкіх дастаўцаў бульбы на еўрапейскі рынак. А глыбіннаю прычынаю бачылі сістэмны крызіс у аграпрамысловым комплексе: рост цэнаў на ўгнаенні, тэхніку, паліва, працоўную сілу. Бракавала і насеннага матэрыялу: як і Беларусь, Расея не можа купляць яго з Еўропы праз санкцыі, а з уласнай селекцыяй усё не так добра.

Такім чынам, Пуцін толькі ў канцы траўня пачуў пра бульбяны крызіс, які развіваўся з мінулай восені. А бульбай ён мусіў бы цікавіцца: гэта ўлюбёная страва расейцаў. Хоць спажыванне бульбы ў Расеі паступова зніжаецца, расеец у сярэднім з’ядаў, паводле ацэнак ААН, каля 86,8 кг бульбы за 2022-і. Гэта больш за 82,74 кг бульбы на год на ірландца, а ірландцы лічаць сябе вялікімі аматарамі бульбы. Беларус за той год з’еў 160,5 кг (першае месца ў свеце), украінец – 139,2 кг, казах – 104,9 кг, паляк – 93,8 кг, літовец – 55,6 кг. Паводле «Росстата», найбольш бульбы ў Расеі спажываюць жыхары Чувашыі, найменш – у Хабараўскім краі, на Чукотцы і ў Маскве.

Апошнія навіны